viasna on patreon

У Баранавічах удзельнікі выбарчага працэсу скардзяцца на адсутнасць неабходнай для працы інфармацыі

2010 2010-02-24T20:09:08+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Баранавічах дзяржаўная газета “Наш край” са спазненнем падае інфармацыю пра выбары ў мясцовыя Саветы. Праз адсутнасць нармальнага інфармавання, як таго патрабуе выбарчае заканадаўства, фактычна блакуецца праца зацікаўленых удзельнікаў выбарчага працэсу.  

Так, напрыклад, 19 лютага 2010 года адбылося паседжанне гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, дзе зацвярджаліся ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты гарадскога Савета. На гэтае паседжанне не былі запрошаны прадстаўнікі прэсы  і ініцыятыўных групаў. Паводле нормаў выбарчага заканадаўства, выбаркам павінен быў у 4-дзённы тэрмін надрукаваць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі спіс ініцыятыўных групаў. Аднак прайшло ўжо 6 дзён, а інфармацыі так і не з’явілася.

Акрамя таго, прэтэндэнты ў кандыдаты скардзяцца на тое, што “Наш край” са спазненнем надрукаваў тэлефон гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, а тэлефоны акруговых камісій па выбарах дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета  да гэтага часу не паведамляюцца.

Да гэтага часу ў гарадскіх кнігарнях не з’явіўся Выбарчы кодэкс са зменамі і дапаўненнямі. Пра цяжкасці ў працы з гэтай прычыны заявілі сябры ініцыятыўнай групы у падтрымку былога кандыдата ў Нацыянальны Сход Рыгора Грыка, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў па Баранавіцкай выбарчай акрузе № 15. Сябры яго групы сёння распачалі збор подпісаў выбаршчыкаў. Для больш якаснай і прафесійнай працы ім спатрэбіўся абноўлены кодэкс. Аднак высветлілася, што ў крамах “Кнігі” (вул. Савецкая, 73) і “Мысль” (пл. Леніна, 1)  кодэксаў няма. Таму старшыня ініцыятыўнай групы Віктар Сырыца накіраваў заяву ў Цэнтральную камісію. Ён просіць старшыню камісіі Лідзію Ярмошыну паўздзейнічаць на адказных людзей і адпаведныя структуры, каб забяспечыць горад Баранавічы Выбарчымі кодэксамі, неабходнымі для нармальнай працы ў адпаведнасці з  заканадаўствам.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства