Пінск: падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў апазіцыйным кандыдатам нагадвалі пра забароненыя для пікетавання месцы
Пінскі гарвыканкам прыняў рашэнне № 157 аб вызначэнні і забароне месцаў для пікетавання з мэтай збора подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Кандыдатам ад апазіцыі пры рэгістрацыі ініцыятыўных групаў выдавалі ксэракопію дакумэнта прынятага рашэння.
Пра месцы, дазволеныя да пікетавання, у рашэнні гаворыцца, што пікетаванне можа праводзіцца “у любых прыгодных для гэтай мэты месцах, за выключэннем месцаў, вызначаных у пункце 2” дадзенага рашэння. Пад другім пунктам пералічаны месцы забароны пікетавання, у тым ліку наступныя месцы: на адлегласьці 100 метраў – ад будынкаў ворганаў дзяржаўнага кіравання, прамысловых прадпрыемстваў, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абаронадзейнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транпарт, аўтобусныя прыпынкі, бальніцы, аптэкі, інтэрнаты, адукацыйныя ўстановы, дзіцячыя садкі, спартыўныя аб’екты, культавыя аб’екты і іншыя). У цэнтры горада амаль немагчыма знайсці месца, якое б не трапіла пад забарону.
Рашэнне Пінскага гарвыканкама, выданае на рукі кандыдатам, фактычна з’яўляецца абмежаваннем агітацыі на цэнтральных вуліцах горада. У рашэннях гарвыканкамаў па Брэсцкай вобласці назіраецца тэндэнцыя – чым большы горад, тым шырэйшы спіс забароненых для пікетавання месцаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"