Гомельская абласная выбарчая камісія не задаволіла скаргу Пятра Кузняцова
24 лютага Гомельская абласная выбарчая камісія на сваім паседжанні разгледзела скаргу каардынатара Руху «За Свабоду» Пятра Кузняцова аб адмове ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай группы, пакінуўшы яе без задавальнення.
Петр Кузняцоў меў намер балатавацца ў Гомельскі абласны Савет дэпутатаў па Мазураўскай выбарчай акрузе №19 шляхам збору подпісаў грамадзян, але акруговая камісія не зврэгістравала яго ініцыятыўную групу на той падставе, што ў склад групы быў уключаны 21 чалавек (выбарчы кодэкс прадугледжвае 3-10 чалавек). П.Кузняцоў лічыць, што нідзе не забаронена падаваць спіс большым. На яго думку, акруговая камісія павінна садзейнічаць патэнцыйным кандыдатам, а не перашкаджаць ім, то бок камісія магла б пры жаданні выкрэсліць «лішніх» сябраў ініцыятыўнай групы. Каардынатар Руху паведаміў, што пасля дэталёвага аналізу сітуацыі пакідае за сабой права звярнуцца са скаргай у суд.
Па інфармацыі П. Кузняцова, у Гомельскай вобласці зарэгістравана 9 ініцыятыўных групаў па збору подпісаў за кандыдатаў ад Руху «За Свабоду»: 3 чалавекі ў Гомелі, па 2 - у Калінкавічах і Жлобіне і па 1 - у Рэчыцы і Добрушы.
Усяго зарэгістравана 61 ініцыятыўная група па збору подпісаў за кандыдатаў у абласны Савет дэпутатаў. Выбраць павінны 60 дэпутатаў аблсавета. На 14 акругах не было заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па збору подпісаў. Напэўна, там будуць вылучацца кандыдаты ад працоўных калектываў і партый.
Па выбарах у мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў па Гомельскай вобласці зарэгістраваны больш за 2 600 ініцыятыўных групаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”