Полацкі рэгіён: Афіцыйныя сайты “раскачваюцца”
Толькі чатыры з больш як дваццаці афіцыйных раённых сайтаў па Полацкім рэгіёне змясцілі на дадзены момант інфармацыю аб складзе акруговых выбарчых камісій. Два з гэтых чатырох – Глыбоцкага і Расонскага райвыканкамаў далі нават інфармацыю аб месцы працы сяброў камісіі. Спісы акружных камісій у Наваполацку і Ушачах забяспечаны толькі інфармацыяй пра шлях вылучэння іх сяброў.
Інфармацыя пра месцы, вызначаныя як забароненыя для збору подпісаў і перадвыбарнай агітацыі, з’явілася за некалькі апошніх дзён яшчэ на трох гарвыканкамаўскіх сайтах -- у Наваполацку, Верхнядзвінску і Лепелі.
Друкаваныя СМІ таксама няспешна падключаюцца да асвятлення выбарчай кампаніі. Гарадская “Новая газета” ў Наваполацку апублікавала інтэрв’ю са старшынём гарадской выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў гарадскога Савета дэпутатаў Пятром Гусаравым. Старшыня камісіі падрабязна пераказвае карэспандэнту артыкулы Выбарчага кодэкса, якія датычаць права выбіраць ці быць абранымі ў мясцовы Савет дэпутутаў. Агучаны, напрыклад, той факт, што выбаршчык мае права паставіць свае подпісы ў падтрымку некалькіх кандыдатур у кандыдаты. Падрабязна распісваюцца звесткі, якія павінны быць указаны ў падпісным аркушы і некалькі разоў падкрэсліваецца, якія дакументы павінен мець пры сабе сябра ініцыятыўнай групы. Заяўлена таксама і пра права выбаршчыка адклікаць свой подпіс шляхам падачы адпаведнай заявы ў выбарчую камісію.
Увогуле, артыкул стварае ўражанне падкрэсленай адстароненасці героя інтэв’ю. Сухі пераказ артыкулаў кодэкса павінен стварыць у чытача, які прадзярэцца праз сухі штампаваны юрыдычны тэкст да яго сэнсу, адчуванне бесстароннасці і аб’ектыўнасці працы камісіі. І толькі месца працы Пятра Гусарава, вылучанага “ад працоўнага калектыва Наваполацкага гарвыканкама”, параджае адносна гэтага некаторыя сумневы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”