Інтэрнэт бяруць пад кантроль
Ужываньне нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт будзе рэглямэнтавана ад 1 ліпеня 2010 году. Гэта вынікае са спэцыяльнага прэзыдэнцкага ўказу, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 1 лютага.
Паводле гэтага дакумэнту, уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя гэтых сетак, сыстэмаў і рэсурсаў. Яе цяпер будуць праходзіць правайдэры інтэрнэт-паслуг у міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
«З мэтай гарантаваньня бясьпекі грамадзянаў і дзяржавы ад 1 ліпеня 2010 году правайдэры павінны будуць ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю абанэнцкіх прыстасаваньняў карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў, весьці ўлік і захоўваць дадзеныя пра такія прыстасаваньні і інтэрнэт-паслугі».
Новыя меры ўтрымліваюць шэраг палажэньняў, якія абавязваюць ўсе дзяржаўныя інстанцыі раьзмяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасьці на афіцыйных вэб-сайтах. Акрамя гэтага, інфармацыйныя паведамленьні, якія распаўсюджваюцца празь беларускі інтэрнэт, павінны быць забясьпечаныя гіпэрспасылкамі на першакрыніцу. Усе аб'екты аўтарскага права неабходна раьзмяшчаць у сеткі ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам у гэтай галіне.
Для ўсіх пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг у Беларусі ўводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя, пералік дакумэнтаў для якой будзе вызначаны пазьней.
"Указ упершыню рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу да інфармацыі па патрабаваньню карыстальніка інтэрнэт-паслуг. Напрыклад, па запыце карыстальніка інтэрнэт-паслуг пастаўшчык абавязаны абмежаваць доступ абаненцкага прыстасаваньня гэтаму карыстальніку да інфармацыі, зьмест якой накіраваны на распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў, прапаганду гвалту, жорсткасьці і іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам ", - заяўляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Згодна з дакумэнтам, кантроль над рэсурсамі Інтэрнэту ў Беларусі павінен ажыцьцяўляцца ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў па ўзгадненьні са спецыяльнай службай - Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі Лукашэнкі (ААЦ). Пад кантроль ААЦ трапляюць інтэрнэт-правайдэры краіны. «Пералік апэратараў электрасувязі, якія маюць права непасрэднага доступу (далучэньня) да міжнародных сетак электрасувязі, а таксама упаўнаважаных пастаўшчыкоў паслуг сеткі Інтэрнэт» будзе вызначаць ААЦ «па дамове з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь».
Поўны тэкст указу можна прачытаць ТУТ.