viasna on patreon

Баранавічы: Прадстаўнікам баранавіцкіх дэмакратычных структур месца ў гарадской камісіі не знайшлося

2010 2010-01-29T13:37:57+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 студзеня адбылося сумеснае пасяджэнне Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў і гарадскога выканаўчага камітэта па стварэнні гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў 26 склікання. На пасяджэнні, якое цягнулася ўсяго 8 хвілінаў, прысутнічалі некаторыя прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, праваабаронцы (Сяргей Гоўша і Віктар Сырыца).

Усяго вылучана ў склад Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі было 20 кандыдатаў, 4 з якіх  прадстаўлялі гарадскія апазіцыйныя партыйныя структуры і недзяржаўныя грамадскія аб'яднанні.

Адкрытага абмеркавання і галасавання па кандыдатурах у склад выбарчай камісіі не было. Супрацоўнікі гарвыканкама і гарсавета толькі зацвердзілі загаддзя прапанаваны спіс Баранавіцкай гарадской  выбарчай камісіі ў складзе 13 асоб. У гэты спіс трапілі ад палітычных партый – 2 асобы (КПБ і партыя левых “Справядлівы свет”), ад грамадскіх арганізацый – 6 асоб (Беларускі саюз жанчын, “Белая Русь”, БРСМ, саюз ветэранаў, Беларускі саюз афіцэраў, прафсаюз дзяржаўных устаноў). Астатнія 5 сяброў выбарчай камісіі былі вылучаны працоўнымі калектывамі і шляхам збору подпісаў.

Ад дэмакратычных партый і арганізацый вылучаліся ў выбарчую камісію: шляхам збору подпісаў ад незарэгістраванай ініцыятыўнай групы БХД мясцовая прадпрымальніца Таццяна Малашчанка і актывіст БХД Аляксей Марозаў. Таксама шляхам збору подпісаў ад “Руха “За свабоду” быў вылучаны актывіст арганізацыі Віктар Сырыца, а Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выбрала мясцовага прадпрымальніка Мікалая Падгайскага.

Як і раней, "цудаў" не адбылося – прадстаўнікам апазіцыйных структур не знайшлося месца ў камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства