viasna on patreon

Затрымалі яшчэ аднаго сябра Сяргея Каваленкі

2010 2010-01-28T09:09:20+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/surgan-a.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Алег Сурган, якога вінавацяць у супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяну, забраны ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Ня выключана, што яго завязуць ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду, які мусіць адбыцца 1 лютага.
Інцыдэнт, які мае разгледзець суд, адбыўся яшчэ летась 3 верасьня. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса Сургана міліцыянты затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту каля мэдычнага ўнівэрсытэту, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.
Тараса Сургана і Сяргея Каваленку, супраць якога цяпер распачатая крымінальная справа за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы, неаднаразова затрымлівалі і судзілі за акцыі з нацыянальнымі сымбалямі. 3 верасьня 42-гадовы Алег Сурган апынуўся ў кампаніі актывістаў упершыню.
Міліцыянты яго затрымалі, і ў пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РАУС, было запісана, што ён не падпарадкоўваўся міліцыянтам, а аднаго зь іх укусіў за палец.
Па словах Алега Сургана, першапачаткова складзены пратакол аб вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга некуды зьнік. А ў другім было запісана, што ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане і нецэнзурна лаяўся, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі.
Таксама Алег Сурган цьвердзіць, што 3 верасьня ў пастарунку міліцыянты яго зьбівалі і катавалі. Тарас Сурган выклікаў брату «хуткую дапамогу», калі ўбачыў ягоны стан. Мэдыкі зафіксавалі ўдары галавы і рук.
Міліцыянт, які заявіў, што спадар Сурган укусіў яго за палец, накіраваўся на мэдэкспэртызу амаль празь месяц — 30 верасьня. Да суду, які мусіць разьбіраць гэтую справу, Алег Сурган знаходзіўся на волі. Але сёньняшні нечаканы выклік у міліцыю можа скончыцца зьмяшчэньнем пад варту, мяркуюць ягоныя сябры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства