viasna on patreon

Сталічныя камуністы хочуць патрапіць у камісіі па максімуму

2010 2010-01-27T15:44:29+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Левыя хочуць бачыць Сяргея Вазняка ў складзе Менскай гарадской камісіі і падалі адпаведную заяўку, а таксама маюць намер вылучыць да 5 лютага сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 9 тэрытарыяльных выбарчых камісій па сталіцы. Гэта значыць, што камуністы хочуць атрымаць максімальна магчымае прадстаўніцтва ў сталічных тэрытарыяльных камісіях.

Кандыдат у Менскую гарадскую выбарчую камісію ад "левых" Сяргей Вазняк, член бюро Цэнтральнага камітэта партыі "Справядлівы свет" (Партыя камуністаў Беларуская стала "Справядлівым светам" літаральна на мінулым тыдні), лічыць, што мабючыя адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы будуць усё ж больш лаяльнымі, чым папярэднія. Ён паабяцаў, што калі ўвойдзе ў склад выбарчай камісіі, то выбары ў яго зоне адказнасці будуць праходзіць толькі ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.

- У камісіях, нажаль, значна больш людзей, лаяльных да ўлады, чым нейтральных, што, натуральна, не спрыяе непрадузятасці працэсу, - заўважыў Сяргей Вазняк. - Істотнай зменай Выбарчага кодэкса стала ўмова ўключаць у склад выбарчых камісій не меней траціны прадстаўнікоў ад партый і грамадскіх арганізацый. Абыйсці гэты пункт улада не зможа, каб не дапусціць фармальных парушэнняў. Разам з тым, "вертыкаль" цалкам здольная выканаць такія суадносіны, набраўшы кандыдатаў з ліку бяскрыўдных грамадскіх аб'яднанняў, абыйшоўшы прадстаўнікоў апазіцыйных структур. Тым не менш, кандыдат левых лічыць, што шанцы на зацвярджэнне кандыдатур ад партый дэмакратычнай скіраванасці ёсць.

-  Думаю, асаблівых праблем з зацвярджэннем кандыдатаў у выбарчыя камісіі не паўстане, і траціна іх сябраў сапраўды будзе ад партый і грамадскіх арганізацый, - кажа Сяргей Вазняк.

 

Па словах намесніка старшыні партыі "Справядлівы свет"  Валерыя Ухналёва, адабраны таксама прэтэндэнты на сяброўства ў 9 тэрытарыяльных камісіях па Менску - людзі дасведчаныя, якія валодаюць немалой практыкай у выбарчых кампаніях, некаторыя ў мінулым ужо былі дэпутатамі.

- Мы не хочам, каб ва ўлады была фармальная магчымасць адхіліць нашых кандыдатаў з-за недахопу ў іх кваліфікацыі з тым, каб замяніць іх людзьмі з "вертыкалі", - заўважыў Валерый Ухналеў. - Але галоўным пытаннем застаецца вынік стварэння гэтых камісій - колькі чалавек з заяўленых увойдуць у іх склад.

 

Камуністы лічаць тактычна правільным рашэннем напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы памяняць старую назву на новую. Тактыка такога падыходу заключаецца ў тым, што, захаваўшы левую скіраванасць, камуністы па-ранейшаму ставяць за мэту стварэнне сацыялістычнага грамадства як найбольш ідэальнай формы кіравання, але хочуць адысці ад набіўшых аскоміну вобраза камуністаў-артадоксаў.

- Нашай новай назвай мы хочам сказаць, што ў нас няма замшэласці поглядаў, - пракаментаваў сітуацыю Валерый Ухналёў, намеснік старшыні партыі "Справядлівы свет". - У многіх людзей, і асабліва ў моладзі, склаўся вельмі адмоўная вобраз камуніста. Так, мы разумеем, што ў дзейнасці кампартыі старых часоў былі памылкі, але было і шмат добрага. І менавіта гэтае добрае мы хочам развіваць.

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства