У Магілёве забаранілі мерапрыемства, прысьвечанае Магдэбурскаму праву
Магілёўскія ўлады не дазволілі грамадзкім актывістам і гісторыкам правесьці ў гарадзкой ратушы круглы стол, прысьвечаны гадавіне наданьня Магілёву Магдэбурскага права.
Арганізатарам мерапрыемства выступала няўрадавая арганізацыя “Сацыяльна-культурная ўстанова “Стратэгія разьвіцьця й міру”. З пісьмовай просьбай выдзеліць залю паседжаньняў у ратушы актывісты зьвярнуліся ў панядзелак, 25 студзеня.
Сёньня кіраўніку арганізацыі Сяргею Гваю патэлефанаваў дырэктар музэю, які месьціцца ў ратушы, і паведаміў, што ня можа выдзеліць памяшканьне для мерапрыемства:
“Клімаў Сяргей Віктаравіч мне патэлефанаваў. Ён сказаў, што ў вас, відаць, ёсьць праблемы з выканаўчай уладай. Вам адмовілі, сказаў ён, бо заля пасяджэньняў — муніцыпальная ўласнасьць. “Я дробны чыноўнік і нічога зрабіць для вас не магу, выбачыўся Клімаў”, — паведаміў “Свабодзе” Сяргей Гвай.
Наўзамен “круглага стала” яго ўдзельнікам параілі правесьці экскурсію па музэі. У панядзелак жа кіраўніцтва музэю ня бачыла перашкодаў для правядзеньня мерапрыемства, прысьвечанага 433-й гадавіне наданьня Магілёву магдэбурскага права. За “круглым сталом”, які меўся адбыцца заўтра, гісторыкі й грамадзкія актывісты зьбіраліся падыскутаваць на тэму гарадзкога самакіраваньня.
Арганізатары “круглага стала” будуць шукаць іншае памяшканьне для свайго мерапрыемства.
Магдэбурскае права надаў Магілёву 28 студзеня 1577 году кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы. У 1654 годзе горад пазбавілі прывілею на самакіраваньня за добраахвотнае прыняцьце месьцічамі расейскай улады. 1 лютага 1661 году магілёўцы ўзьнялі паўстаньне і зьнішчылі расейскі гарнізон. За гэта кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір Ваза вярнуў Магілёву Магдэбурскае права з новым гербам і пячаткай.
Разбураную ў 1957 годзе магілёўскую ратушу аднавілі ў 2008 годзе. У 2007 годзе грамадзкія актывісты сабралі тысячу подпісаў гараджан за тое, каб адбудаваць сымбаль гарадзкога самакіраваньня, і перадалі іх у гарвыканкам. Цяпер у ратушы месьціцца музэй і праводзяцца ўрачыстыя гарадзкія мерапрыемствы, якія арганізуюцца ўладай.