Экалагічныя праблемы не абмяркоўваюць з грамадствам
Беларускія чыноўнікі не зацікаўленыя абмяркоўваць з грамадскасцю экалагічныя праблемы. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Рацыя заявіла старшыня грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій, каментуючы справаздачу міністэрства прыродных рэсурсаў аб правядзенні ў Беларусі года роднай зямлі.
У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнаюць, што толькі загад Аляксандра Лукашэнкі аб абвяшчэнні 2009-га Годам роднай зямлі ўпершыню дазволіў падыйсці да вырашэння экалагічных праблемаў сістэмна. Як заяўляе адзін з кіраўнікоў Мінпрыроды Віталь Кулік, парадак на зямлі быў наведзены паўсюдна і па ўсіх кірунках.
- У цэлым правядзенне ў 2009-ым Года роднай зямлі дапамагло вырашыць цэлы комплекс прыродаахоўчых задач. Паспяховае выпаўненне заданняў садзейнічала фармаванню пазытыўнага еўрапейскага іміджу нашай краіны.
Негледзячы на поўную задаволенасць чыноўнікаў, у беларускіх экалагічных арганізацый да іх шмат нараканняў. Старшыня грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій займаецца пытаннем захавання зялёных насаджэнняў у гарадах.
- У нас было ўражанне, што ў Год роднай зямлі вырашылі знішчыць палову зялёных насаджэнняў у гарадах. Ворганы Мінпрыроды не на баку дрэваў. Самы відавочны прыклад - гэта ў Гродна, дзе ў мінулым годзе вырубілі шмат паркавай зоны. Шмат падобных рэчаў можна было б пазбегнуць.
Актывісты з арганізацыі “Экадом” кажуць, чыноўнікі далі зразумець эколагам, што зацверджаныя планы па ўпарадкаванню земляў ніхто зменяць не збіраецца.