Еўрасаюз прадоўжыў частковае прыпыненне санкцый
Еўрасаюз прадоўжыў частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза ад 17 лістапада.
Разам з тым, ЕС прапаноўвае Еўракамісіі пачаць падрыхтоўку да падпісання пагадненняў аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Міністры таксама рэкамендуюць Камісіі ЕС прапанаваць сумесны прамежкавы план прыярытэтных рэформ, якія могуць быць рэалізаваны ў Беларусі ў межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.
У дакуменце выказваецца шкадаванне, што апошнім часам не было дастаткова значнага прагрэсу ў сферы правоў і свабод чалавека.
Так, выкарыстоўвалася сіла ў дачыненні да мірных палітычных пратэстаў і мелі месца адмовы ў рэгістрацыі вялікай колькасці палітычных партый, няўрадавых арганізацый і незалежных СМІ.
Міністры заклікалі беларускія ўлады паважаць свабоду СМІ, выказвання, асацыяцыі і сходу, рэфармаваць выбарчае заканадаўства і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
У заяве вітаецца развіццё палітычнага дыялогу на высокім узроўні, пачатак дыялогу аб правах чалавека, удзел Беларусі ў палітыцы Усходняга партнёрства і ўмацаванне тэхнічнага супрацоўніцтва.
У дакуменце зазначаецца, што санкцыі могуць быць адменены ў любы момант у адказ на дзеянні беларускіх уладаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Між іншым, яны гэтак жа могуць быць адноўлены.
Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе спіс павялічыўся да 41 чалавека, якіх ЕС абвінавачваў у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС упершыню прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 асоб з гэтага спісу.
Тэкст Рашэння Савета ЕС па Беларусі 17 лістапада 2009 года