viasna on patreon

Першая за год акцыя салідарнасьці без разгону

2009 2009-11-17T10:25:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/20091116-4_act.jpg

Акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі адбылася на Кастрычніцкай плошчы безь міліцэйскага ўмяшальніцтва. Удзельнікі акцыі тлумачаць гэта тым, што ўлады такім чынам дэманструюць Захаду мажлівасьць розных паводзінаў у дачыненьні да праяваў дэмакратыі.

Як толькі на Кастрычніцкай плошчы сталіцы а 6 вечара пачалі ўзьлятаць у неба пэтарды, якія прынесьлі туды маладыя людзі, каля паўсотні чалавек сталі жывым ланцугом з партрэтамі палітвязьняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Арцёма Дубскага, Андрэя Бандарэнкі і зьніклых Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара. Некалькі маладых людзей трымалі расьцяжку: “Мы памятаем” і бел-чырвона-белы сьцяг.

Сярод удзельнікаў акцыі салідарнасьці былі палітыкі Анатоль Лябедзька, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Зьміцер Бандарэнка, лідэр кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, а таксама актывісты дэмакратычнага руху.


16 кастрычніка Анатоля Лябедзьку зьбілі падчас разгону акцыі і ў пастарунку міліцыі. Гэтым разам акцыю не разганялі. Толькі міліцэйскае кіраўніцтва здалёк назірала за тым, што адбывалася на плошчы. Анатоль Лябедзька выказаў сваё меркаваньне:

“Улада дэманструе, што закон дурню не пісаны, прабачце. Калі сёньня можна тут стаяць, то чаму нельга было стаяць месяц ці два таму? Чаму тады зьбівалі людзей? Атрымліваецца, што, калі сёньня ўсё законна і мы не парушаем правапарадак, то тады раней супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе незаконна.

Гэта ўсё зьвязана з палітычнай каньюнктурай. Патрэбныя грошы — будзем крыху цярпець. Патрэбнае нейкае палітычнае рашэньне, каб у Брусэлі прынялі, таксама пацерпім”.

Лявон Баршчэўскі дадаў:

“Тут жа нічога ніколі не парушалася. Папросту камусьці лейца пад хвост трапіць і захочацца вымясьціць сваю злосьць, то вымяшчаюць, а, як не патрапіць, то не вымяшчаюць”.

Лідэр кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель лічыць, што акцыі салідарнасьці трэба праводзіць штомесяц:

“Сёньня мы выйшлі, каб паказаць усім, што, нягледзячы на разгоны, нягледзячы на гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да дэманстрантаў, мы не баімся і мы выходзім.

Мы паказваем сёньня ўсім беларусам, што, калі мы пераадолеем свой страх, будзем прынцыповыя і пасьлядоўныя, будзем змагацца за сваё, то й гэта плошча, гэты горад, гэта краіна будзе наша”.


Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка падзяляе меркаваньне Яўгена Афнагеля:

“Думаю, што варта ладзіць акцыю штомесяц. Калі задумацца, што толькі адзін дзень на месяц прыгадваем пра зьніклых людзей і лёс палітвязьняў, то гэтага занадта мала”.


Праз паўгадзіны акцыя скончылася. Апэратары спэцслужбаў здымалі твар кожнага ўдзельніка ланцуга. Калі людзі пачалі разыходзіцца, насупраць плошчы з боку Аляксандраўскага сквэру некалькі падлеткаў у чорным праскандавалі нецэнзурныя лёзунгі і адразу перакінуліся цераз плот і пабеглі ў розныя бакі. Міліцыянты не адрэагавалі на хуліганскую выхадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства