viasna on patreon

У Ваўкавыску галадаюць ужо два чалавекі

2005 2005-09-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Ваўкавыску галадаюць прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і безпрацоўная Наталья Няборская. За шэсьць дзён галадоўкі Мікалая Аўтуховіча станам яго здароўя ніхто не пацікавіўся, акрамя тых, хто зь ім працуе. Гарадзкія ўлады спасылаюцца на занятасьць пры падрыхтоўцы сьвяткаваня 1000-годзьдзя Ваўкавыска, а ў мясцовай райбальніцы пазыцыя такая: калі чалавеку дрэнна, то ён сам зьвяртаецца за дапамогай. Наталья Няборская галадае з 23 верасьня, у яе вінецца галава і яна баіцца страціць прытомнасьць.

На стан здароўя Мікалай Аўтуховіч пакуль ня скардзіцца. За апошнія два гады - гэта ўжо трэцяя ягоная галадоўка. Аўтуховічу і фірме “Ніка-Транс”, зь якой ён супрацоўнічае, падатковыя органы прыпісваюць каля мільёна даляраў недаплачаных падаткаў і штрафаў.

Што датычыць Натальлі Няборскай, яна распачала галадоўку, пасьля таго, як атрымала рашэньне Ваўкавыскага суду аб тым, што павінна выплаціць 6,5 мільёнаў рублёў падатку за набыцьцё кватэры ў Менску. Такі высокі падатак ёй прызначыў суд таму, што яна ня здолела прадаставіць у падаткавую інспекцыю ўсіх дакументаў, якія пацьвярджаюць ейны даход. Натальля Няборская пэўны час працавала ў Запаляр’і, адтуль прыйшло толькі пацьверджаньне, што яна там жыла, а дакумэнты, якія датычаць яе працоўнай дзейнасі, згарэлі.

Па словах Натальлі Няборскай, яна неаднойчы хадзіла ў падаткавую інспэкцыю, тлумачыла сытуацыю, але яе ніхто не захацеў слухаць. Грошай, каб заплаціць падатак у яе няма. На набыцьцё кватэры ёй яшчэ пазычала радня. Не запрасілі яе і на суд, які адбыўся 5 верасьня. Пасьля таго, як яна атрымала рашэньне суду, зьвярнулася са скаргай ў пракуратуру, дзе ёй адказалі, што падобныя судовыя справы могуць разглядацца без прысутнасьці адказчыка. Пасьля гэтага, 23 верасьня, яна аб’явіла галадоўку, папярэдзіўшы аб гэтым пісьмова старшыню Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіла Савельева і старшыню аблвыканкама Уладзімера Саўчанку.

Галадае яна ў сваіх сяброў на кватэры, дзе зараз і жыве з 12-гадовым сынам, паведамляе “Польскае рыдыё”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства