У Варшаве прайшлі акцыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі
22 верасьня ў Варшаве адбылося адразу некалькі акцыяў у падтрымку дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі. Адна з іх – спроба ўручыць пэтыцыю ў беларускую амбасаду, другая – пікет у цэнтры польскай сталіцы.
У будынку беларукай амбасады выйсьці да адмысловага ўпаўнаважанага мэра Варшавы ў справах жанчынаў і сям’і Яны Клюзік-Расткоўскай ніхто з беларускіх дыпляматаў не пажадаў, а пасьля пэўнага часу голас ў дамафоне параіў пакінуць зварот у паштовай скрынцы. “Я арганізоўвала ў Варшаве сустрэчу жыхарак сталіцы, якія калісьці бралі актыўны ўдзел у паўстаньні і працы “Салідарнасьці”. У часе гэтай сустрэчы вэтэранак “Салідарнасьці” падпісалі зварот да беларускіх уладаў з заклікам спыніць рэпрэсіі супраць уласных грамадзянаў. Вось сто подпісаў,” – сказала спадарыня Клюзік-Расткоўска.
Варшава бярэ даволі актыўны ўдзел у дапамозе, перадусім актывістам СПБ – напярэдадні на Гарадзеншчыну былі дастаўленыя падарункі аж жыхароў польскай сталіцы, а ўлады Варшавы заявілі пра намер адкрыць у горадзе Беларусі дом.
Амаль адначасова ў цэнтры Варшавы адбылася акцыя “Факсам у рэжым”, арганізаваная моладзевым крылом уплывовай партыі “Закон і справядлівасьць”. Каля трох дзесяткаў яе ўдзельнікаў раздавалі мінакам аркушы паперы з заклікам спыніць перасьлед апазыцыі і вольных мэдыяў і нумарамі факсаў беларускіх чыноўнікаў ды заклікалі высылаць іх у Беларусь. У абедзьвюх акцыях з нацыянальнымі сьцягамі ўзялі ўдзел і беларусы са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.