viasna on patreon

Зьміцер Бандарэнка: “Пастанова міністра Галаванава — яшчэ адзін крок да пабудовы таталітарызму”

2005 2005-09-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прынятая пастанова Міністэрства юстыцыі, згодна зь якой блокі палітычных партыяў і прафсаюзаў, а таксама рухі, ініцыятывы і кааліцыі грамадзянаў павінны мець дзяржаўную рэгістрацыю, забараняе дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх структураў на тэрыторыі Беларусі.

Уладзімер Лабковіч, юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” патлумачыў, што Грамадзянскі кодэкс не патрабуе рэгістрацыі грамадзянскіх ініцыятываў, а перадвыбарчыя блокі палітычных партыяў рэгіструюцца Цэнтравыбаркамам: “Баюся, што выступленьне ад імя гэтых ініцыятываў будзе трактавацца як дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі з усімі наступствамі. Для сродкаў масавай інфармацыі гэта можа быць падставай для ліквідацыі, а для асобаў — прыцягненьне да адміністратыўнай адказнасьці, штраф ці нават адміністрацыйны арышт. Гэта працяг падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі. Паколькі асноўнымі суб’ектамі будуць якраз нефармальныя аб’яднаньні, таму што ўсе грамадзкія аб’яднаньні яны ўжо пазьнішчалі, яны цяпер як бы наносяць апошні ўдар”.

Адзін з каардынатаў руху “Зубр” Уладзімер Кобец згадвае, што і раней ягоных сяброў каралі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, былі арышты і штрафы: “Задача – проста паралізаваць грамадзкую супольнасьць перад выбарамі. Мэта адзіная – захаваньне рэжыму. Я думаю, што гэта не апошняя пастанова, дзеяньне ўладаў. Мы яшчэ пабачым што-небудзь такое экзатычнае”.

Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя’97” Зьміцер Бандарэнка выказаў меркаваньне, што аб’яднаньні і рухі ня будуць зьвяртацца па рэгістрацыю ў Мін’юст: “Лукашэнка пасьлядоўна будуе таталітарную дзяржаву. І пастанова міністра Галаванава — гэта яшчэ адзін крок да пабудовы таталітарызму ў Беларусі. Гэта фактычна забарона на іншадумства. Улада хоча кантраляваць думкі людзей”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць пастанову Мін’юсту палітычнай. У інтэрвью радыё Свабода ён сказаў, што гэты крок зьвязаны з правядзеньнем Кангрэсу дэмсілаў: “Фактычна, гэта замах на існаваньне апазыцыйных палітычных партыяў у якасьці зарэгістраваных”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства