Камітэт па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАСЕ) асудзіў "сістэматычную кампанію пераследу незалежных журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь"
16 верасня Камітэт па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАСЕ) прыняў у Парыжы заяву, у якой асудзіў "сістэматычную кампанію пераследу незалежных журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь", а таксама "рэпрэсіі ў дачыненні да Саюзу палякаў і польскамоўных сродкаў масавай інфармацыі".
Камітэт ПАСЕ выказаў заклапочанасць крымінальным пераследам аўтараў мультфільмаў, расцэненых беларускімі ўладамі як паклёп і знявага кіраўніка дзяржавы, і лічыць, што такія дзеянні "несумяшчальныя са свабодай слова і правам на мірныя сходы", якія Беларусь "абавязалася выконваць у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН і Хельсінкскім заключным актам АБСЕ".
Аўтары заявы заклікалі незалежных журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці не паддавацца "кампаніі запалохвання" і "працягваць сваю барацьбу за дэмакратыю і захаванне правоў чалавека", паведаміла прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"