Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч распачаў чарговую галадоўку
Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч распачаў ужо трэцюю за апошнія два гады галадоўку. Ён сьцьвярджае, што супраць ягонага бізнэсу пачаўся чарговы наступ з боку падатковых органаў і мясцовых уладаў.
Як паведамляе “Радыё Свабода”, жонцы прадпрымальніка, якая зьяўляецца сузаснавальніцай фірмы “Ніка-Транс”, днямі была ўручана пастанова аб прыцягненьні яе ў якасьці падазраванай па крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Разам зь ёй падазраваным прызнаны і дырэктар фірмы Юры Лявонаў. У абодвух прадпрымальнікаў апісана маёмасьць. Усю маёмасьць пагражаюць канфіскаваць і ў фірмы.
Ухіленьнем ад выплаты падаткаў сьледзтва лічыць тое, што фірма давала прадпрымальніку Аўтуховічу для работы на ягоных таксоўках сваіх кіроўцаў па дамове. Сьледзтва лічыць, што паслугі таксі аказвала фірма, а не прадпрымальнік, а фірма ня мае ліцэнзіі на перавозку пасажыраў. І значыць, яна павінна вярнуць дзяржаве выручку за ўвесь пэрыяд працы, з вясны 2003 па восень 2004 года.