Улады рыхтуюць правакацыю супраць удзельнікаў акцыі 25 сакавіка
Заяўнікі акцыі 25 сакавіка Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, а таксама Мікола Статкевіч і Анатоль Лябедзька на прэс-канфэрэнцыі аб'явілі аб правакацыі супраць удзельнікаў акцыі, арганізаванай уладамі.
"Нам стала вядома, што ўлады плянуюць сарваць мірнае сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці, - паведаміў Віктар Івашкевіч. - Падрыхтаваныя старыя міліцэйскія машыны, падрыхтаваныя правакатары, якія мусяць іх пераварочваць, падрыхтаванае БТ, якое мусіць гэта ўсё здымаць. І падрыхтаваны АМАП, які павінен біць удзельнікаў. У сувязі з тым, што мы даведаліся пра правакацыю, яна правалілася, але можна чакаць і іншых спробаў перашкодзіць сьвяткаваць. Але арганізатары зробяць усё магчымае, каб акцыя прайшла мірна і сьвяточна".
Анатоль Лябедзька паведаміў, што сёньня сустрэўся з амбасадарам Чэхіі і паведаміў пра правакацыю. "Зараз спыненыя папярэднія затрыманьні, бо ў сувязі з плянам правакацыі трэба, каб на акцыі было шмат знаёмых твараў. Таму вызваленыя Артур Фінькевіч, іншыя затрыманыя з рэгіёнаў".
Вінцук Вячорка паведаміў, што меў сустрэчу з прадстаўнікамі "Amnisty International" і таксама папярэдзіў пра правакацыю.
Мікола Статкевіч павіншаваў прысутных з Днём Незалежнасьці і выказаў неразуменьне стаўленьня ўладаў да гэтага сьвята.
Моладзевы лідэр Андрэй Кім паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што сёньня на чыгуначным вакзале ў Менску былі затрыманыя і дэпартаваныя чацьвёра прадстаўнікоў расейскай моладзевай арганізацыі "Абарона".