25 сакавіка: хроніка пераследу
19.00 Той частцы дэманстрантаў, што рушыла ў бок плошчы Я.Коласа, на рагу з вуліцай Броўкі шлях перагарадзілі дзесяткі амапаўцаў. Дэманстранты вырашылі развярнуцца ў бок Акадэміі Навук.
18.50 Актывісты “Маладога фронту” і “Маладой Беларусі” шыхтуюцца ў калёну ў накірунку плошчы Я.Коласа, паведамляе Радыё Свабода.
18.47 Мітынг скончыўся. Яго удзельнікі прынялі рашэнне пастроіцца ў ланцуг і рушыць па абодва бакі праспекта Незалежнасці ад Акадэміі Навук да Нацыянальнай бібліятэкі. Паступіла інфармацыя, што прайсці дазволеным маршрутам такой колькасці людзей не атрымаецца, паколькі па вуліцы Сурганава выставілі турнікеты.
18.35 Удзельнікаў мітынгу і ўсіх беларусаў павіншаваў са сьвятам старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. Ён запытаўся ў прысутных “Ці давяраеце вы ўраду Беларусі?” – у адказ ніхто рукі не падняў. Атмасфера спакойная, гучыць музыка. Сярод сцягоў нечакана з’явіўся правакатарскі – дзяржаўны сцяг з лозунгам “За честь, достоинство и справедливость!”.
Прысутных - каля 1 500 чалавек. Арганізатары акцыі вызначаюцца з маршрутам. Праспект ацэплены ДАІ.
18:29 Групы сілавых структур стаяць на даху 1-й больніцы. Нешта здымаюць і нешта там робяць, паведамляе Наша Ніва. Яны не засталіся незаўважнымі для мітынгоўцаў.
Кепскі гук, нават на прыступках нічога не чуваць.
18.07 Каля АН зараз сабралася каля 800 чалавек. Па сцягах і плакатах заўважна, што прысутнічаюць прадстаўнікі фактычна ўсіх дэмакратычных партый і рухаў – БХД, Маладая Беларусь, Беларуская народная грамада, Моладзь БНФ, Еўрапейская Беларусь, Рух За Свабоду, Правы Альянс. Народ увесь час прыбывае, - паведамляюць праваабаронцы. Людзі ў цывільным здымаюць усё на відэа.
17:54 Падышлі міліцыянты да Вінцука Вячоркі і папярэджваюць пра адказнасць, калі акцыя не пойдзе па вызначаным Менгарвыканкамам шляху (на Бангалор). В. Вячорка кажа, што не можа паўплываць на людзей, паколькі гукаўзмацняльная апаратура канфіскаваная па дарозе на акцыю. "Вярніце апаратуру", - кажа.(паведамленне Нашай Нівы)
17:42 Маладафронтаўцы распавядаюць, што затрыманыя Наста Палажанка і Дзяніс Карноў, у апошняга сёння быў на кватэры ператрус. Іх тэлефоны адключаныя, і дзе знаходзяцца маладыя людзі, невядома, - паведамляе Наша Ніва.
17:31 Паводле Нашай Нівы, каля ЦУМа і галоўнага корпусу БНТУ больш за два дзесяткі аўтазакаў. Стаяць аўтазакі на вуліцы Броўкі. Стаяць аўтазакі, а таксама — ноў-хаў — вялізныя пераносныя загароджанні з калючага дроту ў матках на бульвары Мулявіна.
Чытачы паведамляюць пра скапленні войскаў і ў раёнах вуліц Дарашэвіча, Камуністычнай, парку Горкага, Акадэміі міліцыі, Акадэміі мастацтваў, Кастрычніцкай плошчы.
17-10. Як паведаміла ЖЖ-блогер N, загадчыца па радыё аб'явіла, каб "студэнты прыбралі свае машыны з вул.Дарашэвіча, а тое шмат грошай за штраф-стаянку плаціць давядзецца. Гэта значыцца вызваліць пляцоўку пад аўтобусы са спецпадразьдзяленьнямі. 15:00 - у нас закрылі выхад зь інтэрнату, аб чым разоў сто папярэджвалі па радыё. Увесь Бнту-шты універсітэцкі гарадок замуравалі, трапіць на тэрыторыю і зь яе выйсьці можна толькі праз шлагбаум на вул. Я.Коласа."
17-00. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў цэнтры горада ў некалькіх месцах масава спыняюць мінівэны і мікрааўтобусы. Правяраюць іх на наяўнасць сцягоў і расцяжак. Між тым каля БДУІРа дадаткова з'явілася яшчэ 7 аўтобусаў з супрацоўнікамі ўнутраных войск.
16-35. Як паведамляюць жж-карыстальнікі, тэлецэнтар у Менску акупаваны й на пад'ездах i ўнутры.
16-15. Як паведамляе сайт АГП, каля 17 гадзін 24 сакавіка ў Менску па праспекту Незалежнасці рухалася калона аўтобусаў і аўтазакаў з гомельскімі нумарамі. Раней паведамлялася, што дапамогу менскай міліцыі ў “навядзеньні парадку” ў сталіцы будуць аказваць і берасцейскія спецназаўцы.
16-10. Правабаронцы паведамляюць, што на вуліцы Чырвонай ля плошчы Перамогі стаіць калона з 7 аўтазакаў. Спецтэхніка размясцілася на вуліцы Дарашэвіча і ля карпусоў БДУІРа.
16-00. Супрацоўнікі міліцыі дзяжураць ля кватэр актывістаў руху “Джынс – за Свабоду” Паліны Кур’яновіч, Максіма Вінярскага і Яўгена Афнагеля, паведамляе “jeans-by.com”.
Яўгена Скрабца абшукалі на чыгуначным вакзале ў Берасці.
15-35. У бок плошчы Якуба Коласа праехала аўтакалона спецтэхнікі: 5 аўтазакаў і тры спецыяльныя аўтобусы.
15-30. Вайсковая частка ўнутраных войскаў ва Уруччы сёньня прыведзена ў стан павышанай гатоўнасьці.
15-10. У кватэры, якую арандуе актывіст “Маладога фронту” Дзяніс Карноў у Менску сёньня адбыўся ператрус. Разам зь ім у кватэры знаходзіўся Вадзім Ханяўка. Другі ператрус адбыўся ў кватэры, якую арэндуе Валер Мацкевіч. Міліцыянты праверылі ўсе рэчы, але ў кватэры не было ні расьцяжак, ні сьцягоў, і яны сышлі. У абодвух выпадках міліцыянты паведамілі, што ім паступілі званкі ў дзяжурную частку, што ў кватэрах адбываецца бойка, паведамляе "Радыё Свабода".
14-50. Сёньня ў Віцебску на плошчу Свабоды выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі актывісты КХП Сяргей Каваленка, Ігар Базараў і Валерый Аляксандраў. Праз пяць хвілін іх затрымалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебска. Зараз на актывістаў складаюцца пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Магчыма, сёння адбудзецца суд над удзельнікамі акцыі, прысвечанай Дню Волі.
14-45. На цэнтральнай плошчы мястэчка Бобр мастак Алесь Пушкін намаляваў карціну “Незалежнасьць”. Як паведаміла “Радыё Свабода”, такім чынам, ён адсьвяткаваў 25 сакавіка. Акцыю спынілі супрацоўнікі міліцыі.
14-20. Прыкладна ў 13 гадзін супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру актывіста руху “Джынс - за Свабоду Алега Ладуцькі. Там зараз ператрус. Затрымана таксама актывістка кампаніі Паліна Дзякава.
13-50. Супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі афіцыйна папярэдзілі старшыню гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова аб адказнасці ў выпадку арганізацыі і правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства.
13-25. Лідэр расійскага дэмакратычнага руху "Абарона" Алег Казлоўскі і двое ягоных паплечнікаў, затрыманых сёньня ў Менску 25, дэпартаваныя з Беларусі.
13.15. У Гомелі адбыўся суд над Канстанцінам Жукоўскім і Сяргеем Трыфанавым. Актывістаў абвінавацілі па артыкуле 17.1 Адміністратыўнага кодэксу – “у хуліганстве”. Суддзя Алена Цалкова пакарала Сяргея Трыфанава штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Канстанціна Жукоўскага суддзя Марыя Даменка асудзіла да 3-х сутак арышту.
13-08. Як паведамляюць гомельскія праваабаронцы, супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве актывістаў Івана Адаменку і Ул. Шапавалава.
12-40. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька паведамляе сайту ucpb.org, што “падрыхтавана каля 50 правакатараў, якія павінны разыграць сцэнку хуліганаў, пра якіх некалькі дзён запар на беларускім тэлебачанні гаворыць Фармагей. Прадрыхтаваная бэушная тэхніка, аўтамабілі, і гэтыя людзі павінны арганізаваць вулічныя беспарадкі з пераварочваньнем аўтамабіляў”.
12-20. Міністр унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў спадзяецца, што сёньня “ўсё пройдзе спакойна і што хопіць розуму і ў арганізатараў, і ва ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства, каб не ствараць нейкага напружаньня”. (“Інтэрфакс”).
11-45. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі на чыгуначным вакзале ў Менску грамадзянаў Расеі - лідэра арганізацыі “Оборона” Алега Казлоўскага і двух актывістаў Аляксандра Савельева і Максіма Тарлыкова. Расейцы знаходзяцца ў міліцыі, сувязь зь імі адсутнічае, паведамляе “Радыё Свабода”.
11-35. З 10.30 раніцы ў Салігорскім РАУСе утрымліваецца актывіст ствараемай грамадскай кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Аляксандр Цэцура, якога затрымалі па дарозе на Менск.
10-40. Учора ў Барысаве афіцэр міліцыі Загараднага адзьдзелу ўнутраных справаў Верхаводка падчас тэлефоннай размовы выказаў жаданьне сустрэцца з прадстаўніком Руху "За Свабоду" Сяргеем Салашам, каб "абмеркаваць некалькі пытаньняў". Падчас тэлефоннай гутаркі высьветлілася, што міліцыянта цікавіла, ці мае намер барысаўскі палітык прыняць удзел у заўтрашнім сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску, папярэдзіўшы пры гэтым аб адміністратыўнай адказнасьці за ўдзел у мерапрыемстве. Учора папярэджаньні былі таксама вынесены маладафронтаўцам Паўлу Кур’яновічу, Андрусю Тычыну, Ільлю Шылу, а таксама Аляксею Валабуеву.
10-30. Каля 6 гадзінаў раніцы ў Гомелі міліцыянты затрымалі актывістаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Кастуся Жукоўскага і Сяргея Трыфанава, паведамляе “Еўрарадыё”.