viasna on patreon

У Гародні адбыўся папераджальны страйк прадпрымальнікаў

2003 2003-01-22T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каля 300 гарадзенскіх прадпрымальнікаў прыйшлі сёньня а 10 раніцы да будынку аблвыканкаму, каб перадаць свае патрабаваньні ўладам. Паволе паведамленьня карэспандэнта Радыё Сваабода ў Гародні Сяргея Астраўцова:

Гаворыць адна з прадпрымальніц:

(Спадарыня: ) “Мы сабраліся, каб выказаць незадавальненьне палітыкай уладаў у адносінах да прадпрымальніцтва. Таму што гэты тыдзень ідуць праверкі ў горадзе. Спраўджваюць тыя дакумэнты, якія нават узяць мы ня можам. Тыя ж акты закупкі, якія нам не дае аніводзін кітаец, аніводзін турак, аніводзін расеец. Ад нас патрабуюць гэтых дакумэнтаў”.

У прадпрымальнікаў ёсьць таксама іншыя патрабаваньні. Напрыклад, ня ўводзіць касавыя апараты. Да сёньняшняй акцыі пратэсту іх падштурхнулі праверкі кантрольных службаў, якія адбыліся на рынках. Уладальнікаў некаторых крамак на “Паўднёвым” рынку аштрафавалі на 4–5 мільёнаў.

Удзельнікаў акцыі таксама абурыў выпадак зь віцебскімі прадпрымальнікамі. Яны везьлі з гарадзенскага рынку тавар, які ў іх затрымалі ў Іўі. Міліцыі не спадабаліся дакумэнты на тавар.

Вядомы дзеяч прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі наведаў аблвыканкам. Ён паведаміў прадпрымальнікам: начальства паабяцала, што праверак больш ня будзе.

Да сабраных выйшаў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка. Ён таксама сказаў, што праверак ня будзе, і каб прадпрымальнікі выходзілі працаваць. Яны падзякавалі яму і адразу разышліся. Акцыя працягвалася адну гадзіну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства