Назіральнікам і давераным асобам адмаўляецца ў любой інфармацыі
Бабруйск
У Бабруйску адмаўляюць давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты ў прадастаўленні інфармацыі. 27 і 28 верасня давераная асоба кандыдата Аляксандра Чыгіра, які балатуецца па Бабруйскай сельскай акрузе №80, атрымаў адмову ў інфармацыі на ўчастку № 33 (завод ТДіА). Старшыня камісіі Пётр Слабадчук не паведаміў колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, сказаўшы, што гэтых лічб ён не ведае.
Як стала вядома бабруйскім праваабаронцам, загад не даваць інфармацыю аб колькасці прагаласаваўшых на выбарчыя ўчасткі прыйшоў “зверху” – ад першага намесніка старшыні гарвыканкама Міхаіла Кавалевіча.
Крычаў
Назіральнік Раман Ражджэственскі адзначае, што яму і давернай асобе кандыдата ў дэпутаты Сяргея Няроўнага Аляксандру Шамрыну сябры Чапеўскай участковай выбарчай камісіі №39 Крычаўскай выбарчай акругі №83 не прадастаўляюць ніякай інфармацыі аб ходзе галасавання.
“Я склаў акт аб парушэнні выбарчага кодэкса старшынёй участковай камісіі №39 Святланай Радзіонавай, - гаворыць Раман, - і патэлефанавалі кандыдату ў дэпутаты Сяргею Няроўнаму. Зараз мы чакаем яго прыезда і вырашэння гэтай недарэчнай сітуацыі”.
Горкі
Акруговая выбарчая камісія №81 не дае звесткі аб колькасці людзей, якія прагаласавалі датэрмінова. Сябра гэтай камісіі, начальнік аддзела Горацкага райвыканкама Кацярына Кароткіна сказала, што яны не вядуць такога ўліку. Назіральнікі адзначаюць, што па неафіцыйных дадзеных па акрузе датэрмінова прагаласавала 28% выбаршчыкаў.
На ўчастку №8 Горацкай акруговай выбарчай камісіі №81 старшыня камісіі, супрацоўнік райвыканкама Іосіф Булаш, адмовіўся назваць колькасць атрыманых бюлетэняў. Сакратар гэтай жа камісіі, супрацоўніца райвыканкама Людміла Цітова, спачатку сказала, што атрымана 1240 бюлетэняў, а калі назіральнік запытаў, што яны будуць рабіць, калі нейкія бюлетэні будуць сапсаванымі, ці прыйдуць новыя людзі, сказала “Ну, пішы – што атрымалі 1250!”.
Блытаніна з колькасцю бюлетэняў узнікла і на ўчастку №1. Старшыня камісіі спачатку сказаў, што бюлетэняў атрымана 1425, а потым – што 2425.
Назіральнік Эдуард Брокараў адзначачае, што на выбарчы ўчастак для галасавння № 12 не дапусцілі ў якасці назіральніка даверанаю асобу Андрэя Юркова, Андрэя Гайдукова, у якога напярэдадні скралі барсетку з пашпартам. У якасці дакумента спадар Гайдукоў прад’явіў вадзіцельскае пасведчанне, але камісія палічыла, што для таго, каб прысутнічаць у якасці назіральніка на ўчастку, неабходны толькі пашпарт.
Назіральнік Эдуард Брокараў адзначае, што яму таксама забаронілі прысутнічаць пры перадачы дакументаў з участковых выбарчых камісій у акруговаю. Спадарыня Кароткіна адзначыла, што спадар Брокараў можа прысутнічаць толькі на выніковым паседжанні акруговай выбарчай камісіі №81.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”