Светлагорск: Давераныя асобы дэмакратычнага кандыдата дастаўленыя ў міліцыю
У Светлагорску 27 верасня давераныя асобы дэмакратычнага кандыдата Сяргея Дайнекі былі дастаўлены міліцыяй у раённы аддзел унутраных спраў. У адной з давераных асобаў міліцыя правяла агляд кватэры.
Віктар Ахрамчук, Святлана Міхальчанка і Сяргей Шэвяленка былі спыненыя міліцыяй, калі займаліся правядзеннем агітацыі за Сяргея Дайнеку, дэмакратычнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Разам з кіроўцам аўтамабіля, на якім яны перамяшчаліся па горадзе, давераныя асобы былі дастаўленыя ў раённы аддзел унутраных спраў. Для гэтага былі задзейнічаныя 3 аўтамабілі з супрацоўнікамі міліцыі.
У С. Міхальчанкі міліцыя выняла 56 асобнікаў газеты “Таварыш”, 15 інфармацыйных бюлетэняў “Глыток паветра” і каля 75 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня “Выбары ‘08”. Займаўся гэтым намеснік начальніка аддзела крымінальнага вышуку Прыкалоцін Аляксандр Анатольевіч ў прысутнасці начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў маёра міліцыі Русіновіча Уладзіміра Аляксеевіча.
Праз нейкі час В. Ахрамчук і С. Шэвяленка былі адпушчаныя і накіраваліся на выбарчыя ўчасткі, а С. Міхальчанка і вадзіцель затрыманыя на 2 гадзіны. Затым 3 міліцыянты правялі агляд кватэры С. Міхальчанкі, які быў санкцыянаваны пракурорам Светлагорскай раённай пракуратуры. У цэлым гэта працягвалася каля 4-х гадзін, паведаміла С. Міхальчанка.
Свае дзеянні міліцыя тлумачыла так: кандыдат у дэпутаты В. Кавалёва напісала заяву аб тым, што ў горадзе хтосці распаўсюдзіў улёткі ад яе імя. Кавалёва – дэпутат Нацыянальнага сходу з 2004 г., а да таго была намесніцай старшыні Светлагорскага райвыканкама па ідэялогіі. Ва улётках, якія распаўсюджаны ад яе імя, у іранічнай форме напісана, чаму Кавалёва ў другі раз ідзе ў дэпутаты.
Аднак ні ў аўтамабілі, ні ў кватэры С. Міхальчанкі гэтых улётак міліцыя не знайшла. Давераныя асобы кандыдата С. Дайнекі сцвярджаюць, што ні маюць да такіх улётак ніякага дачынення.
На меркаванне мясцовых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, сапраўднай мэтай дзеянняў уладаў было тое, каб перашкодзіць давераным асобам праводзіць агітацыю за С. Дайнеку непасрэдна перад 28 верасня – днём асноўнага галасавання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”