Менск: УВАГА! Падпалкоўнік міліцыі даклаў кіраўніцтву пра ўскрыццё скрыні для галасавання і ўкід бюлетэняў. Яму пагражаюць негатыўнымі наступствамі, калі ён не адкліча свой рапарт
Як стала вядома з дакладных крыніцаў, учора, 27 верасня, падпалкоўнік міліцыі Казлоў, які адказваў за захаванне парадку на сталічным выбарчым участку № 463 Старавіленскай выбарчай акругі №105 (па якой балатуецца лідэр АГП Анатоль Лябедзька), зафіксаваў, што падчас абедзеннага перапынку скрыня для датэрміновага галасавання была ўскрыта і адбылося ўкідванне бюлетэняў.
Падпалкоўнік паставіў сваё кіраўніцтва ў вядомасць адносна дадзенага факту і паведаміў, што намераны гэта адлюстраваць у сваім рапарце.
Сёння, 28 верасня, спадар Казлоў быў выкліканы да кіраўніцтва РУУС Цэнтральнага раёну Менску, дзе ад яго запатрабавалі адмовіцца ад сваіх намераў, пагражаючы негатыўнымі наступствамі.
Пасля таго, як супрацоўнік міліцыі адмовіўся ад “прапановаў” начальства, кіраўніцтва РУУС звязалася з участковай камісіяй. Разам яны вырашылі скласці адпаведныя дакументы аб парушэнні падпалкоўнікам парадку на выбарчым участку і стварэнні перашкодаў у працы камісіі.
Чым скончыцца гэты скандальны выпадак – пакуль невядома.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”