Менск: У акруговай камісіі бюлетэні друкавалі на ксераксе
Старшыня Каліноўскай акруговай камісіі №108 друкавала бюлетэні для галасавання на ксераксе.
- Падчас майго наведвання акруговай камісіі №108 туды з'явіўся вайсковец ў званні палкоўніка (хутчэй за ўсё, старшыня адной з участковых камісіяў) і сказаў старшыні Боцян М.А., што ім не хапае бюлетэняў. На маіх вачах гэтыя бюлетэні надрукавалі на ксераксе. Калі не памыляюся, іх спатрэбілася ажно 107, - паведаміў назіральнік ад Партыі БНФ у акруговай камісіі Каліноўскай выбарчай акругі №108. – Пры гэтым мужчына дэманстратыўна сказаў старшыні камісіі, каб яна зрабіла акт аб тым, што бюлетэні былі дадрукаваныя.
Пра прычыну такога масавага недахопу бюлетэняў можна толькі здагадвацца.
Па словах назіральніка, не паспеў ён выйсці за дзверы, як пачуў словы спн. Боцян вайскоўцу – каб той меў на ўвазе, што "гэты будзе бегаць па ўчастках".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”