Віцебск: Ні лічбы, ні апячатванне не супадаюць
Выбарчы ўчастак № 79 Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20. Па дадзеных назіральніка, за пяць дзён датэрміновага галасавання прагаласавала 470 (23,65%) выбаршчыкаў, па дадзеных камісіі - 579 (29,13%). Усе чатыры дня лічбы назіральніка і камісіі супадалі, у пяты дзень (або ноч) на 109 -- несупадзенне.
Увечары 26 верасня дзверы памяшкання, у якім захоўваліся скрыні для датэрміновага галасавання ўчасткаў №77, №78, №79 Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20, былі апячатаныя стужкай паперы, на якой стаялі тры подпісы сяброў участковых камісій. Пры адкрыцці памяшкання 27 верасня - дзверы былі апячатаныя стужкай паперы з адным подпісам.
Прарэз скрыні на выбарчым участку №16 Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі №17 усе дні датэрміновага галасавання заклейваўся аркушом паперы, які апячатваўся пры дапамозе пластыліна. На лісце паперы прысутнічаў толькі подпіс… назіральніка. Аркуш паперы быў шматразовым. Пасля датэрміновага галасавання прарэз быў заклеены аркушом паперы з подпісамі сяброў камісіі і апячатаны сургучнай пячаткай.
У канцы дня да тэлефонаў акруговых камісій №18, №19, №20 і №21 ніхто не падыходзіў. У вокнах не гарэла святло. Усе дадзеныя з участкаў накіроўваліся ў раённыя адміністрацыі і выканкамы.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"