viasna on patreon

Каб КДБ вярнула журналісту рэчы, трэба напісаць 47 лістоў?

2008 2008-09-26T12:32:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

­27 верасня споўніцца роўна паўгода з часу «рэйду» беларускіх спецслужб па кватэрах і офісах незалежных журналістаў і шэрагу грамадскіх арганіз­ацый. Тады пад ператрусы патрапіла каля двух дзесяткаў нашых калег. Аднак рэчы вярнулі лічаным асобам: напрыклад, Эдуарду Брокараву (Горкі, Магілёўская вобл.), Тамары Шчапёткінай (Бяроза, Брэсцкая вобл.), Уладзіміру Вараб’ёву (Мінск), Вадзіму Баршчэўскаму (Віцебск).

­Як распавёў прэс-службе БАЖ сп. Баршчэўскі, забраныя сілавікамі рэчы яму вярнулі ў жніўні гэтага года. Праўда, перад гэтым ён і яго блізкія напісалі ў інстанцыі розных узроўняў роўна 47 лістоў. Рэчы знаходзіліся на складзе абласнога КДБ. Па словах сп. Баршчэўскага, ён не далічыўся некалькіх дакументаў. Аднак выглядае на тое, што большую частку яго рэчаў нават не даглядалі: «Яўна глядзелі мой ноўтбук і камп’ютар. Але некаторыя скрыні з аргтэхнікай нават не ўскрывалі», — распавёў журналіст.

Між тым, большасць нашых калегаў дагэтуль чакае, тэлефануе і перапісваецца з органамі пракуратуры і КДБ.­

Андрэй Аляксандраў, журналіст з Наваполацку: «Каля месяца таму я кантактаваў з супрацоўнікамі Полацкага міжраённага аддзелу КДБ, якія праводзілі ператрус. Яны сказалі, што ўвогуле не ведаюць нічога пра гэтую справу, і параілі звяртацца ў Мінск. Прыкладна тады ж я гутарыў наконт вяртання рэчаў са следчым мінскай пракуратуры, які гэтую справу вёў. Ён узяў мае каардынаты і сказаў, што са мною звяжуцца. Але з таго часу ніякіх сігналаў з пракуратуры не паступала».

Анатоль Гатоўчыц, Гомель: «Я тэлефанаваў у гэтым месяцы ў пракуратуру г. Мінска. Але мне сказалі, што следчы Шабан гэтую справу больш не вядзе, а вышэйшага начальства зараз, маўляў, няма на месцы. Што да перапіскі, яна скончылася ў мяне ў красавіку г.г. – з Генеральнай пракуратуры на мой запыт адказалі, што яго перанакіроўваюць ніжэй, з Мінскай гарадской – што “пытанне аб вяртанні маёмасці будзе разгледжана паўторна пасля заканчэння дагляду згаданай маёмасці”. Але ж, думаецца, з красавіка мінула ўжо дастаткова часу, каб скончыць гэты дагляд…»

Аляксей Белы, Баранавічы: «На мінулым тыдні я даслаў чарговую скаргу ў пракуратуру Мінска і копію – у пракуратуру Баранавіч. Я зноў напісаў, што паўгода прайшло, а мае рэчы дагэтуль не вярнулі – камп’ютар, у якім была толькі доктарская дысертацыя, больш за 30 кніжак… Я нагадаў пра адказ пракурора Мінска, які я атрымаў у траўні – у ім гаварылася, што пасля вывучэння маю маёмасць вернуць. Я ў чарговы раз папрасіў вярнуць мае рэчы, спаслаўшыся на тое, што шмат каму з маіх калег іх ужо вярнулі».

Генадзь Суднік, Магілёў: «24 верасня прыйшоў ліст з Магілёўскага КДБ – у адказ на чарговы запыт наконт вяртання рэчаў, дасланы 5 верасня. “Рашэнне аб забраных у вас прадметах будзе прымацца ў адпаведнасці з артыкуламі 96, 97, 98 КПК РБ”. (Згаданыя артыкулы тычацца лёсу рэчавых доказаў — заўв. БАЖ).

Ці збіраюцца сілавыя структуры вяртаць рэчы? Чаму яны дагэтуль трымаюць іх у сябе?

“Калі журналісты будуць сядзець і чакаць, ім нічога не вернуць. Няхай звяртаюцца ў КДБ і вырашаюць гэтыя пытанні”, — заявіў 25 верасня прэс-службе БАЖ начальнік следчага аддзелу пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. Як запэўніў сп. Іваноў, усе рэчы, забраныя пасля масавых ператрусаў 27-28 сакавіка г.г. з кватэр і офісаў незалежных журналістаў, захоўваюцца менавіта ў КДБ.

Паводле С. Іванова, крымінальная справа аб паклёпе на прэзідэнта Лукашэнку за палітычныя мультфільмы, якая нібыта стала падставай для ператрусаў, была прыпыненая яшчэ 12 чэрвеня 2008 г. — “з прычыны вышуку Мініча, Марозава і Абозава”, галоўных падазраваных па справе. Па выніках праведзенага расследавання абвінавачанні нікому не былі прад’яўленыя.

Следчы сталічнай пракуратуры Віктар Шабан, які да нядаўняга часу вёў крымінальную справу “Мультклуба”, пра вынікі следства расказваць адмовіўся — толькі зазначыў, што да гэтай справы ён больш не мае дачынення і ўжо не памятае, каму адабраныя камп’ютары і дыктафоны вярнулі, а каму — не. Нагадаем, сёлета ў ліпені следчы Шабан у гутарцы карэспандэнтам “Еўрапейскага радыё для Беларусі” пераконваў, што ўсю адабраную тэхніку журналістам ўжо вярнулі.

Дзе ў Камітэце дзяржбяспекі ўжо амаль паўгода захоўваюцца журналісцкія камп’ютары, дыктафоны, навушнікі, дыскі, кнігі і іншыя неабходныя для працы рэчы, у прэс-службе ўстановы не ведаюць і раяць накіраваць пісьмовы запыт на імя старшыні.

Між тым, якраз КДБ была адзінай структурай, якая нічога не адказала на афіцыйны зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Увесну г.г. арганізацыя двойчы звярталася да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча ў сувязі з ператрусамі 27 і 28 сакавіка. БАЖ настойваў на »ўзнаўленні законнасці, вяртанні адабранай маёмасці, а таксама на абароне правоў і законных інтарэсаў журналістаў«. Копіі звароту былі накіраваныя ў пракуратуру г. Мінска і кіраўніку беларускага КДБ Юрыю Жадобіну.

У хуткім часе Генеральны пракурор адказаў, што перанакіраваў зварот БАЖ у сталічную пракуратуру. Пракуратура г. Мінска заявіла, што ператрусы ў кватэрах незалежных журналістаў 27 і 28 сакавіка “былі праведзеныя абгрунтавана і ў адпаведнасці з законам”. Паводле начальніка следчага аддзела пракуратуры Мінска Сяргея Іванова, ператрусы праводзіліся ў межах папярэдняга расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта (ч.1 арт. 367 КК РБ) у дачыненні да грамадзян А. Мініча, П. Марозава і А.Абозава.
Адказу з КДБ няма дагэтуль.

Юрысты ГА “БАЖ” раяць набрацца цярпення і ўсё ж працягнуць змаганне за свае рэчы.

Андрэй Бастунец: “Ні ў якім разе нельга моўчкі чакаць, пакуль сітуацыя неяк сама вырашыцца. Раю звяртацца са скаргамі і хадайніцтвамі ў пракуратуру. Скаргамі і на сам ператрус, і на дзеянні тых асоб, якія яго праводзілі і забіралі тыя рэчы, якія наўпрост не тычацца крымінальнай справы, а хадайніцтва — аб тым, каб гэтыя рэчы ім вярнулі”. Гэтыя звароты паводле закона павінныя разглядацца цягам 10 дзён, пасля чаго структура мусіць даць нейкі афіцыйны адказ, падкрэслівае юрыст.


Нагадаем:

27 і 28 сакавіка супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў шэрагу рэдакцый замежных СМІ, офісах недзяржаўных арганізацый, а таксама прыватных кватэрах журналістаў па ўсёй Беларусі. Усе ператрусы праводзіліся на падставе “даручэння” намесніка пракурора г. Мінска Аляксея Стука першаму намесніку старшыні КДБ генерал-маёру Вегеры В.П. (Генерал-маёр Віктар Паўлавіч Вегера – першы намеснік Старшыні КДБ РБ па контрвыведвальнай дзейнасці). У дакуменце былі пералічаныя прозвішчы 17 чалавек, людзей, якія, па аператыўных звестках, нібыта з’яўляюцца супрацоўнікамі тэлеканалу “Белсат”. Акрамя гэтага, у “даручэнні” паведамлялася, што ператрусы трэба правесці таксама ў «іншых актывістаў радыкальных палітызаваных груповак».

Усяго за 27–28 сакавіка (з улікам журналістаў, якія знаходзіліся ў офісах, дзе ладзіліся ператрусы, і былі часова затрыманыя ці падвергнуліся іншаму ўціску з боку сілавікоў) пацярпелі больш за 25 прадстаўнікоў прэсы.

У хуткім часе сітуацыю пракаментавала начальніца ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына. Яна падкрэсліла, што ўсе журналісты і рэдакцыі, у якіх быў праведзены ператрус, працавалі ў Беларусі без акрэдытацыі.

Тэхніку забіралі, паводле следчых, для праверкі на наяўнасць прыкметаў стварэння і распаўсюду мультфільмаў палітычнага зместу. Як паведаміў намеснік мінскага пракурора Аляксей Стук, следчыя мелі інфармацыю пра тое, што журналісты супрацоўнічалі са стваральнікамі мультфільмаў і з арганізацыяй “Трэці шлях”.

Справа аб знявазе А. Лукашэнкі была ўзбуджана яшчэ ў жніўні 2005 г. пракуратурай г. Мінска па факце распаўсюду у Інтэрнеце мультфільмаў, што “зневажалі гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі”. Нагодай сталі сатырычныя мультфільмы, персанажы якіх былі падобныя да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Справу завялі паводле ч. 1 арт. 367 КК РБ – паклёп у дачыненні да прэзідэнта РБ.

У межах справы 16 жніўня 2005 г. супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэрах сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Паўла Марозава, Андрэя Абозава і Алега Мініча. Супрацоўнікі КДБ забралі больш за 10 камп’ютараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Фігуранты крымінальнай справы былі вымушаны з’ехаць за мяжу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства