Менск: Выбаршчыкі пазбаўлены магчымасці таемнага галасавання
Некаторыя сталічныя выбаршчыкі не могуць скарыстацца правам прагаласаваць ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за іх волевыяўленнем. Як высветляецца падчас датэрміновага галасаванне, далёка не ўсе выбарчыя участкі ў Менску абсталяваныя кабінамі для таемнага галасавання. Там грамадзянам прапануюць запаўняць бюлетэні ў спецыяльных пакоях для галасавання, што таксама прадугледжана выбарчым заканадаўствам. Але ж - у гэтых пакоях увесь час "дзяжураць" міліцыянты.
Так, напрыклад, адзін назіральнік распавёў, што на ўчастку №210 Кастрычніцкай выбарчай акругі яму давялося стаць сведкам так званага "сямейнага галасавання" пад наглядам міліцыянта. На гэтым участку няма кабінаў. Таму выбаршчыкі – муж і жонка – адначасова прайшлі ў пакой для галасавання і там за адным сталом удвух запаўнялі бюлетэні. Увесь час з імі ў пакоі сядзеў міліцыянт.
Высветлілася, што міліцыянты "працуюць" амаль на кожным выбарчым участку. Акрамя іх, у памяшканнях участковых камісіяў можна сустрэць і іншых "людзей без бэйджаў". Як правіла, гэтымі "неапазнанымі" прысутнымі з'яўляюцца сябры вышэйстаячых выбарчых камісіяў, супрацоўнікі раённых адміністрацыяў, кіраўніцтва ўстановаў, у памяшканнях якіх знаходзяцца ўчасткі. Нагадаем, што заканадаўствам забаронена знаходжанне на ўчастку для галасавання старонніх асобаў, акрамя сябраў выбарчай камісіі, саміх выбаршчыкаў і назіральнікаў.
Назіральнікі таксама адзначаюць яшчэ адну акалічнасць, якая ставіць пад сумнеў таемнасць волевыяўлення выбаршчыкаў: скрыні для галасавання на многіх участках усталяваныя побач са сталамі камісіяў. Паводле ж Выбарчага кодэксу, яны павінны быць размешчаныя такім чынам, каб галасуючыя пры падыходзе да іх абавязкова праходзілі праз кабіны ці пакоі для таемнага галасавання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”