Брэст: На ўчастках адсутнічае інфармацыя пра кандыдатаў
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1, старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч 23 верасня накіраваў заяву ў Цэнтрвыбаркам і назіральнікам АБСЕ і СНД.
У заяве гаворыцца, што згодна артыкулу 45 Выбарчага кодекса Рэспублікі Беларусь, «На ўсіх участках для галасавання не пазней 14 дзён да выбараў афармляюцца стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі аб кандыдатах. Стэнды з такімі інфармацыйнымі матэрыяламі захоўваюцца у памяшканнях для галасавання і ў дзень выбараў”.
17 – 18 верасня давераныя асобы А.Ляўковіча наведалі ў выбарчай акрузе № 1 наступныя участкі – №№ 1, 10, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 39, 43 - усяго 24 участкі з 43 на акрузе. На участку № 30 увогуле адсутнічалі інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў у депутаты па гэтай акрузе: дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Вялічкі і намеснеіка дырэктара ТАА "Клавіра і К" Барыса Гассана. На 15 участках былі размешчаны толькі агітацыйныя плакаты кандыдата А. Вялічкі. На трох участках №№ 26, 20, 21 інфармацыйныя матэрыялы захоўваліся ў кабінетах старшыняў участковых камісій, гэта значыць не былі размешчаны на стэнде ў памешканнях для галасавання, як таго патрабуе выбарчы закон.
21 верасня, за дзень да пачатку датэрміновага галасавання, давераныя асобы А.Ляўковіча наведалі 24 участкі ( №№ 1, 10, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 39, 43) Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі № 1. Нягледзячы на тое, што 17 – 18 верасня давераныя асобы прасілі размястіць інфармацыйныя матэрыялы А.Ляўковіча на стэндах участкаў у памяшканнях для галасавання, у большасці выпадкаў гэта не была зроблена.
На ўчастку № 26, што ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце, дзе амаль чвэрць стагоддзя выкладаў спадар Ляўковіч, стэнд у памяшканні для галасавання быў увогуле не абсталяваны, а інфармацыйныя матэрыялы захоўваліся ў кабінеце старшыні ўчастковай камісіі. Пра гэты факт А.Ляўковічам яшчэ 15 верасня была напісана заява ў Центрвыбаркам. Раней пра гэтае парушэнне Выбарчага кодэксу на участку № 26 ён некалькі разоў інфармаваў акруговую камісію. Аднак меры па выпраўленні сітуацыі ні акруговая, ні Цэнтральная камисіі так і не прынялі.
Анатоль Ляўковіч прасіў Цэнтрвыбаркам тэрмінова выправіць сітуацыю, а назіральнікаў ад АБСЕ і СНД, а таксама нацыянальных назіральнікаў звярнуць увагу на факты парушэння артыкула 6 Выбарчага кодэкса.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”