viasna on patreon

Сітуацыя перад выбарамі накаляецца

2008 2008-09-17T13:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Выбаркамы пачалі выносіць папярэджанні дэмакратычным кандыдатам, друкарні адмаўляюцца вырабляць іх агітацыйныя матэр’ялы, некаторыя кандыдаты з адзінага спісу АДС самі здымаюцца з выбарчай гонкі.

 

Кандыдату ў дэпутаты па Мінскай Масюкоўшчынскай выбарчай акрузе №103 Дзянісу Садоўскаму акруговы выбаркам за адзін дзень вынес адразу два папярэджанні – за заклік на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і за распаўсюд незалежнай газеты "Народная воля" з надрукаваным пра самога Садоўскага матэр’ялам.

 

Кандыдату ў дэпутаты ад АДС па Цэнтральнай акрузе Магілёва Аляксандру Сілкову акругам вынес папярэджанне за плакат, прыбіты цвіком да сцяны жылога дома. Плакат быў сфатаграфаваны невядомым чалавекам і перададзены ў камісію.

 

Гарадзенцу Вадзіму Саранчукову папярэджанне было вынесена за плакаты, якія распаўсюдзіла Партыя БНФ з ягоным прозвішчам. У акруговай камісіі палічылі, што гэтыя агітацыйныя матэрыялы надрукаваныя не за дзяржаўныя сродкі, якія выдзяляюцца кожнаму кандыдату ў дэпутаты на выбарчую кампанію. Плакаты "Партыя БНФ за сацыяльныя гарантыі", "За еўрапэйскі выбар для Беларусі", "За свабодны рынак" былі расклееныя ў абласным цэнтры.

 

Вадзім Саранчукоў лічыць, што акруговая камісія не мела рацыі, калі выносіла яму папярэджанне, бо, з яго меркавання, партыя ў любы час можа свабодна прапанагдаваць свае ідэі. Вадзім Саранчукоў з’яўляецца кандыдатам ў дэпутаты па Гарадзенскай Занёманскай акрузе №49.

 

А вось яшчэ адзін кандыдат Гарадзеншчыны з адзінага спісу Аб’яднаных дэмсілаў Станіслаў Суднік з Партыі БНФ напісаў заяву аб зняцці сваёй кандыдатуры. Ён балатаваўся ў Лідскай акрузе №54.

 

У намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука ўзніклі праблемы з выступамі на гарадзенскіх прадпрыемствах. Ён балатуецца ў Гарадзенскай-Паўночнай акрузе №51, дзе ёсць буйны прамысловы раён.

 

Па словах Раманчука, "мы звярнуліся на ўсе прадпрыемствы, але пакуль ніводнае прадпрыемства, на жаль, не адказала станоўча на жаданне паразмаўляць з кандыдатам у дэпутаты. А яшчэ зараз падчас расклейкі абвестак пра маю сустрэчу з выбарцамі – пра прэзентацыю маёй кнігі быў затрыманы чалец маёй каманды".

 

Не друкуюць матэр’ялы

 

Што да Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўвогуле, то яе кандыдаты зусім могуць спыніць свой удзел у выбарчай гонцы. Гэта звязана з тым, што беларускія друкарні адмаўляюцца вырабляць агітацыйныя матэр’ялы кандыдатаў ад АГП.

 

"380 тысяч выбаршыкаў у акругах, дзе балатуюцца па Мінску кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, атрымалі ўлёткі і іншыя інфармацыйныя матэр’ялы ад кандыдатаў са спісу ўлады, але не могуць пачытаць нашы інфармацыйныя матэр’ялы па банальнай прычыне: мы не можам іх надрукаваць", - заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

 

Па словах палітыка, праблемы ўзніклі пасля таго, як Цэнтравыбаркам умяшаўся ў справу барысаўскай друкарні, забараніўшы вырабляць газетны фармат інфармацыйных матэр’ялаў некалькіх кандыдатаў ад АГП. Пасля быццам бы дазвол быў атрыманы, але матэр’ялы, якія кандыдаты мусілі забраць з друкарні яшчэ ў аўторак, дагэтуль не гатовыя.

 

"Мы пасля гэтага звярнуліся ў Мінск. Пяць ці шэсць друкарань альбо адразу, калі даведваліся, хто гэта, казалі “не”, альбо бралі наш заказ, пагаджаліся надрукаваць нашы матэр’ялы, але потым ператэлефаноўвалі і казалі, што могуць надрукаваць пасля 28 верасня, за што ім “вялікая ўдзячнасць".

 

Як адзначыў Анатоль Лябедзька, пры ўзніклых абставінах не выключаецца варыянт зняцця кандыдатаў ад АГП з выбараў.

 

"Мы абмяркоўваем сітуацыю, наколькі нам патрэбны ўдзел у такой выбарчай кампаніі".

 

Галоўнае – падлік галасоў

 

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, ні перашкоды з друкам агітацыйных матэр’ялаў, ні нават разгон мірнай акцыі ў Мінску 16 верасня сур’ёзна не адаб’юцца на ацэнцы выбарчай кампаніі з боку міжнародных назіральнікаў.

 

"Я не думаю, што гэтыя асобныя факты неяк паўплываюць на агульны малюнак. Калі што і паўплывае на ацэнку назіральнікаў АБСЕ, то гэта падлік галасоў – як многа акругаў будуць лічыць галасы без назіральнікаў, не дапусцяць назіральнікаў да таго, каб наглядаць за падлікам галасоў. Вось гэта найбольш сутнаснае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства