Кандыдаты АГП прад'явілі ЦВК ультыматум
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яшчэ 5 менскіх кандыдатаў АГП заявілі аб магчымым зняцці з выбарчай кампаніі. Адпаведную заяву яны накіравалі 16 верасня ў Цэнтрвыбаркам.
Як паведаміў Анатоль Лябедзька, гэта выклікана тым, што друкарні адмаўляюцца друкаваць перадвыбарчую прадукцыю кандыдатаў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. У іх ліку, апроч Анатоля Лябедзькі - Станіслаў Багданкевіч, Аляксандр Дабравольскі, Валянціна Палевікова, Ганна Ягорава і Кацярына Маласаева.
'Усе нашы спробы замовіць інфармацыйныя матэрыялы ў менскіх друкарнях і на прадпрыемствах 'Чырвоная Зорка', 'Рэмарк', 'Унифлекс', 'Птаха', 'Знаменне' аказаліся безвыніковымі. Адмовы абумоўленыя нібы наяўнасцю тэхнічных праблем', - паведаміў Анатоль Лябедзька.
Раней кандыдаты АГП атрымалі адмову з друкарні Барысава. Потым там пагадзіліся, але, як сказаў палітык, 'паставілі працэс вырабу матэрыялаў у такія часовыя рамкі, якія не дазваляюць данесці іх да выбаршчікаў'. Друкаваць перадвыбарчую прадукцыю замежамі Беларусі, нагадаем, кандыдатам забаронена.
Сітуацыю, якая склалася з выданнем перадвыбарных матэрыялаў, Анатоль Лябедзька назваў 'скандальнай'. 'Гэта шэсць выбарчых акруг, больш 380 тысяч выбаршчыкаў, якія сёння атрымалі інфармацыю пра кандыдатаў са спісу Лукашэнкі, але не маюць магчымасці атрымаць матэрыялы ад апазіцыйных кандыдатаў, - падкрэсліў ён. - Паралельна спадарыня Ярмошына робіць заявы аб нібыта беспрэцэндэнтных саступках у друкаванні матэрыялаў АГП, якія дыяметральна разыходзяцца з практыкай. Таму мы вымушаныя былі прад'явіць ультыматум Цэнтральнай выбарчай камісіі'.