Затрымліваюцца распаўсюднікі інфармацыі пра тэлевыступ кандыдатаў
У ноч з 15 на 16 верасня міліцыя затрымала ў Менску двух актывістаў 'Маладых дэмакратаў'. Яны расклейвалі абвесткі пра выступ лідэра АГП Анатоля Лябедзькі на тэлеканале 'Лад' 18 верасня.
Каля гадзіны ночы ў раёне вуліцы Шчадрына да іх пад'ехала машына ППС з двума ўзброенымі міліцыянерамі, якія даставілі моладзь у Цэнтральны РУУС.
Як распавёў Сяргей Клюеў, ён растлумачыў міліцыі, што яны з таварышам з'яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Анатоля Лябедзькі. У абвестках, якія яны распаўсюджваюць, выбаршчыкам паведамляецца пра праграмны выступ палітыка на тэлебачанні. Праз 40 хвілін маладыя людзі былі вызваленыя без складання пратаколаў.
Таксама за расклейванне абвестак пра тэлевыступ кандыдата Аляксандра Бухвостава міліцыя затрымала 16 верасня ў Менску двух сяброў яго ініцыятыўнай групы. Павел Беланоўскі і Віталь Яцко былі дастаўленыя ў апорны пункт на станцыі метро 'Магілёўская' для ўстанаўлення асобы. Праз паўгадзіны сяброў ініцыятыўнай групы адпусцілі.
Сустаршыня прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў, нагадаем, балатуецца па Шабаноўскай выбарчай акрузе № 91.