Ператрус у кватэры праваабаронцы Вялічкіна
15 верасня ў 19.40 берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін паведаміў “Свабодзе”, што міліцыянты заявіліся на яго кватэру з ператрусам.
“Ноччу ў горадзе быў затрыманы мой сын Міхаіл Ільін, – удакладняе спадар Уладзімер, – яго схапілі ля рэклямнай тумбы, калі разьмяшчаў на ёй улёткі “байкот выбарам”. У час затрыманьня міліцыянты зьбілі Міхаіла, але на судзе абвінавацілі менавіта яго ў хуліганстве і арыштавалі на сем сутак зьняволеньня.
Цяпер у кватэры міліцыянты нібыта шукаюць скрадзеную кімсьці аўтамабільную магнітолу, але гартаюць кнігі, перабіраюць газэты і брашуры. Адкладваюць у бок “Народную волю”, бюлетэнь “Выбар”, дапаможнікі для незалежных назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі”.
Раней паведамлялася пра затрыманьне і суд у Берасьце ня толькі Міхаіла Ільіна, але таксама моладзевага актывіста Яўгена Скрабатуна.