Берасце: Берасцейскія актывісты даюць тлумачэнні па справе аб выбуху ў Менску
З пачатку тыдня берасцейскія актывісты даюць тлумачэнні супрацоўнікам праваахоўных органаў. Міліцыянтаў цікавіць, дзе пэўныя асобы знаходзіліся 3-4 ліпеня, калі ў Менску адбыўся выбух, і хто можа гэта падцвердзіць.
Сёння, 11 верасня, праваабаронца Ул. Вялічкін быў выкліканы позвай у аддзел крымінальнага вышуку Маскоўскага РАЎС г. Берасця па справе аб выбуху. На пытанне, чаму дапытваюць менавіта яго, адказ быў такі: “Дапытваюць асобаў, якія валодаюць інфармацыяй па дадзеным факце (выбух 3-4 ліпеня ў Менску), якія прайшлі навучанне на хімічным і біялагічным факультэце, на курсах падрыўнікоў, а таксама ваеннаслужачых і асобаў прызыўнога ўзросту”. У дадатак было сказана, што “наркаманы і “ўсе іншыя” ўжо апрацаваныя.”
Падчас размовы оперупаўнаважаны А.Ю. Бяляцкі занатаваў асабістыя дадзеныя Ул. Вялічкіна, спраўдзіў нумары і колер аўтамабіля, адбіткі пальцаў, пазначыў ягонае сяброўства ў партыі БНФ. Падчас тлумачэньняў Ул. Вялічкін паведаміў, што 3 ліпеня ўвесь дзень быў на працы ў сваім офісе.
Па некаторых звестках днямі супрацоўнікі праваахоўных ворганаў г. Берасьця атрымалі спіс з імёнамі асобаў, якіх патрэбна апытаць на прыналежнасць да выбуху 3-4 ліпеня ў Менску. 8 верасня да берасцейцаў М. Ільіна, Р. Кісляка, Ул. Вялічкіна і Ю. Панасюка патэлефанавалі асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Ужо ў аўторак шэраг моладзевых актывістаў з Берасця атрымалі позвы ў міліцыю. У спіс асобаў для праверкі трапілі і тыя, хто калі-небудь меў дачыненне да апазыцыйнай партыі, арганізацыі ці руху.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”