“Роўныя ўмовы” для кандыдатаў па-светлагорску
Афіцыйная газета “Светлагорскія навіны” падчас агітацыйнай кампаніі змясціла шэраг матэрыялаў, якія прапагандуюць кандыдата ў дэпутаты “ад улады” Валянціну Кавалёву. Раней аналагічныя матэрыялы размяшчаліся і ў іншых сродках масавай інфармацыі. Ніводнай публікацыі не было пра другога кандыдата – Сяргея Дайнеку.
Валянціна Кавалёва – цяперашні дэпутат Нацыянальнага сходу і зноў балатуецца ў дэпутаты. Раней яна была намеснікам старшыні выканаўчага камітэта Светлагорскага раёна. “Светлагорскія навіны” 2 верасня змясцілі 14 радкоў выступу і фотаздымак В. Кавалёвай на адкрыцці гарадской школы № 12. У гэтым жа выпуску – зварот мясцовай арганізацыі праўладнага грамадскага аб’яднання ветэранаў з заклікам галасаваць за Кавалёву. 4 верасня газета зноў нагадала пра Кавалёву – апублікавала яе віншаванне з нагоды Дня нафтавіка. Заснавальнікі газеты - раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт, рэдактар – Уладзімір Кохна.
Раней аналагічныя матэрыялы публікавала іншая тутэйшая газета – “Ранак-плюс”, а мясцовае тэлебачанне “Ранак” двойчы паказвала Кавалёву па розных нагодах. З пачатку выбарчай кампаніі пра Кавалёву распавядаў таксама дзяржаўны тэлеканал “Лад”.
За увесь час падрыхтоўкі да выбараў афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі не апублікавалі ніводнага матэрыяла пра Сяргея Дайнеку, дэмакратычнага кандыдата ў Светлагорску. Яму адводзяцца толькі хвіліны для выступлення на абласным радыё і тэлевізіі, якія выдзелены ўсім кандыдатам “на роўных умовах”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”