Аляксандр Лагвінец кандыдатам не будзе
Сёння, 9 верасня, Вярхоўны суд прыняў адмоўнае рашэнне па скарзе Аляксандра Лагвінца аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Сухараўскай выбарчай акрузе № 102.
Нагадаем, што ў адпаведнасці з рашэннямі акруговай і Цэнтральнай камісій, А. Лагвінцу было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе ўказання недакладных звестак у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці: ён не ўказаў суму ў памеры 251 еўра 72 цэнтаў.
Справу разглядаў суддзя Самалюк пры ўдзеле пракурора Федарынчык.
А. Лагвінец заявіў, што ён прадставіў дакладную інфармацыю аб сукупным гадавым прыбытку за 2007 г. у суме 8 390 576 рублёў, у якую ўвайшла ў тым ліку і спрэчная сума. Ён таксама прызнаў, што не ўказаў гэтую лічбу ў адпаведным раздзеле дэкларацыі па чыста тэхнічных прычынах і, адпаведна, не меў намеру ўводзіць у зман камісію і тым больш сваіх выбаршчыкаў. Па ягоных словах, Цэнтральная камісія прыняла рашэнне пад уплывам эмоцый пасля яго выступу падчас разгляду скаргі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”