Каля 150 прадпрымальнікаў удзельнічаюць у форуме грамадскага аб'яднання "Перспектыва" ў Мінску
8 верасня ў Мінску праходзіць форум прадпрымальнікаў, арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Перспектыва". У мерапрыемстве бяруць удзел каля 150 індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) з Мінска і ўсіх абласцей краіны.
Як заявіў журналістам старшыня савета "Перспектывы" Анатоль Шумчанка, галоўная задача форуму — кансалідаваць прадпрымальнікаў Беларусі пасля акцый пратэсту, што адбыліся ў гэтым годзе.
- Мы павінны даць цывілізаваны сігнал уладам аб існаванні праблем. Пры гэтым мы маем намер і далей пратэставаць у рамках дзейнага заканадаўства, — патлумачыў А.Шумчанка.
Паводле яго слоў, на форуме будзе праведзены аналіз цяперашняга стану прадпрымальніцкага руху ў краіне, прэзентацыя і прыняцце распрацаванай РГА "Перспектыва" праграмы развіцця індывідуальнага прадпрымальніцтва "За прадпрымальніцкую Беларусь!". У гэтым дакуменце "Перспектыва" выкладзе сваё бачанне месца ІП у эканоміцы краіны, характар узаемаадносін ІП і дзяржавы; прадставіць сацыяльныя, эканамічныя, інстытуцыйныя аспекты дзейнасці ІП; унясе свае прапановы для разгляду ўсімі вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады і кіравання.
Праграма будзе прадстаўлена палітычным рухам, партыям і грамадскім арганізацыям, а таксама кандыдатам у дэпутаты незалежна ад іх палітычнай арыентацыі. А.Шумчанка звярнуў увагу, што форум праходзіць адначасова з важнай палітычнай кампаніяй — выбарамі ў парламент. "Мы прапануем усім удзельнікам палітычнага працэсу падтрымаць нашу праграму. Мы таксама будзем лічыць усіх тых, хто падтрымае гэтую праграму, прыхільнікамі беларускага прадпрымальніцтва і сябрамі малога бізнесу", — дадаў лідэр РГА "Перспектыва".
Рэалізацыя закладзеных у праграме прынцыпаў і мер, працягнуў А.Шумчанка, дазволіць не толькі стварыць дзесяткі тысяч новых працоўных месцаў у краіне і павялічыць падатковыя паступленні ў бюджэт, але таксама "нанесці мацнейшы ўдар па карупцыі і нядбайных чыноўніках".
Паводле слоў лідэра РГА "Перспектыва", фактычна праграма — гэта пасыл уладам Беларусі ад малога бізнесу з яго бачаннем далейшага развіцця сярэдняга класа і магчымасці існавання як такога. У краіне, дадаў А.Шумчанка, з'явіўся цэлы клас людзей, якія займаюцца справай, а многія апошнія дзеянні чыноўнікаў скіраваныя на ліквідацыю гэтага сектара эканомікі. "Мы не варвары і хочам толькі дабра сваёй краіне. Але калі нас пачынаюць "заціскаць", мы, зразумела, маўчаць не будзем, бо гэта наша жыццё", — падкрэсліў А.Шумчанка, паведамляе БелаПАН.