30 крамаў Мінска адмовіліся прадаваць незалежныя выданні
За апошні год 30 мінскіх крамаў адмовіліся браць на рэалізацыю недзяржаўныя выданні, сярод якіх "Белорусская деловая газета", "Белорусская газета", "Салiдарнасць", - пра гэта прыканцы красавіка паведаміла "Белорусская деловая газета". Як высвеліла выданне, прычынай сталі дзеянні намеснікаў кіраўнікоў адміністрацый раёнаў па ідэалогіі. Яны спасылаюцца на рашэнне Мінскага гарвыканкама №2520 ад 9 снежня 2004 года, падпісанае першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкаму Леанідам Анфімавым. Паводле дакумента, усім арганізацыям, што ажыццяўляюць раздробны продаж перыядычных выданяў (за выключэннем УП “Мінгарсаюздрук” і РУП “Белпошта”) прадпісана да 1 сакавіка гэтага года прадставіць асартыментны пералік тавараў, якія павінныя быць у продажы. Гэты пералік Мінгарвыканкам загадаў узгадняць з аддзеламі ідэалагічнай працы адміністрацый раёнаў г.Мінска.
Прымаючы рашэнне, Мінгарвыканкам спаслаўся на пастанову Савета Міністраў №384 ад 7 красавіка 2004 г. “Аб зацвярджэнні Правілаў ажыццяўлення раздробнага гандлю асобнымі відамі тавараў і грамадскага харчавання”. Аднак, як вынікае з афіцыйнага адказу Міністэрства гандлю, дадзенага на запыт ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, гандлёвыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права самастойна вызначаць асартымент тавараў для раздробнага гандлю (у тым ліку і друкаваных выданняў). Узгадняцца з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі павінен толькі "асартыментны пералік" (так званы асартыментны мінімум) тавараў, што павінны быць у продажы пастаянна.