Суд пакараў журналiста незалежнай "Газеты для вас"
Суд Драгiчынскага раёна вынес рашэнне аб частковым задавальненнi патрабаванняў iстцоў (чатырох сябраў i старшынi Драгiчынскай участковай выбарчай камiсii) па кампенсаваннi нанесенага iм сябрам партыi БНФ Мiкалаем Брычом маральнага ўрону ў памеры 2,7 мiльёнаў рублёў. Пра гэта паведамiла прэс-служба партыi БНФ.
Мiкалай Брыч працаваў журналiстам мясцовай незалежнай газеты "Для вас", падчас выбараў 17-га кастрычнiка 2004 года ён прыйшоў на выбарчы ўчастак i стаў сведкам шэрагу парушэнняў з боку прадстаўнiкоў выбарчай камiсii, але быў выдалены з участку.
“Пры гэтым ён заўважыў, што i сам старшыня, i шэраг сябраў камiсii "былi ў нецвярозым стане". У сувязi з гэтым, спадар Брыч падаў скаргу пракурору горада, якi арганiзаваў медыцынскi агляд азначаных асобаў. Аднак аглядалiся "зусiм iншыя сябры камiсii", i меркаванне журналiста не было пацверджана. Тады "абвiнавачаныя ў п’янстве" прадстаўнiкi выбарчай камiсii распачалi адмiнiстрацыйную справу, нягледзячы на тое, што вынiкi медыцынскага агляду не прызнаў Абласны наркалагiчны дыспансер”, – адзначае прэс-служба партыi БНФ.
Гэтае рашэнне Мiкалай Брыч будзе абскарджваць у Берасцейскiм абласным судзе, паведамляе pahonia.promedia.by