Гродзенская міліцыя вярнула газэты і папрасіла прабачэньня
Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Гродна 8 жніўня вярнулі 600 асобнікаў газеты "Народная воля", якія былі канфіскаваны 5 жніўня ў членаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, калі тыя збіралі подпісы за рэгістрацыю свайго кандыдата на выбарах.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юрый Істомін, у РАУС прынеслі прабачэнні за непрафесійныя дзеянні сваіх супрацоўнікаў.
На думку Ю.Істоміна, збор подпісаў за рэгістрацыю намесніка старшыні партыі Яраслава Раманчука праходзіць паспяхова (ён збіраецца балаціравацца ў Гродзенскай-Паўночнай выбарчай акрузе № 51). Запланавана сабраць 1.200 подпісаў. У Гродзенскі гарвыканкам пададзены заяўкі на правядзенне з 14 па 18 жніўня рэкламных пікетаў у падтрымку кандыдатуры Я.Раманчука. Для ўдзелу ў рабоце ўчастковых камісій ад АГП у адміністрацыю Ленінскага раёна пададзены прозвішчы 30 чалавек, паведамляе БелаПАН.