Эколягі просяць адмяніць веснавое паляваньне
Міжнародныя эколягі зьвярнуліся да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю вярнуць шэрага гуся ў Чырвоную кнігу й забараніць веснавое паляваньне на птушак.
Захады ў гэтым напрамку ўжо здаўна робіць аб’яднаньне „Ахова птушак Бацькаўшчына”. Дырэктар арганізацыі Віктар Фянчук адзначае, што іх прапанова сустракаецца са зразуменьнем у грамадзтве, сярод чынавенства, а нават сярод некаторых паляўнікоў.
В. Фянчук: Гэта складаная тама, паколькі паляўнікі заўсёды хочуць, каб можна было паляваць даўжэй і на большую колькасьць гатункаў. Безумоўна, сярод паляўнікоў ёсьць супраціў. Аднак важна адзначыць, што многія паляўнікі, асабліва зь вялікім стажам, разумеюць, якую шкоду наносяць прыродзе й птушкам, што ёсьць праблема зьмяншэньня папуляцыі птушак.
Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ёсьць веснавое паляваньне. Нават у некаторых рэгіёнах Расеі забаронена паляваць на птушак вясной. Фіктар Фянчук адзначае, што веснавое паляваньне асабліва небясьпечным стала цяпер, калі зьявілася шмат новых магчымасьцяў і дадатковых сродкаў паляваньня.
В. Фянчук: Веснавое паляваньне – гэта дастаткова новая зьява. А паляваньня на гуся вельмі хутка набірае папулярнасьці. Калі казаць гістарычна, то яшчэ каля 100 гадоў таму ў людзей не было зброі, і паляваньне не было распаўсюджаным. Не было сродкаў і магчымасьці. У савецкія часы паляваньне ўвесну было забаронена менавіта па прычынаx шкоднасьці для прыроды. Усе разумелі, што падчас размнажэньня нельга паляваць ні на буйную жывёлу, ні на птушак, ні лавіць рыбу. Цяпер у дачыненьні да птушак гэтага не разумеюць. У той час паляваньне было дазволена выключна для шэрагу элітных паляўнічых гаспадарстваў. Толькі ў найноўшай гісторыі Беларусі веснавое паляваньне зноўку было дазволена й пачало актыўна разьвівацца.
Парадаксальна, да папулярнасьці паляваньня прычыняюцца мэдыі. Ёсьць адмысловыя тэлеканалы й друкаваныя СМІ, дзе даюць парады й расказваюць, як лепш паляваць.
Віктар Фянчук кажа, што веснавое паляваньне шкодзіць ня толькі гатункам, на якія дазволена паляваць, але й усім птушкам.
В. Фянчук: Хоць паляваньне вядзецца толькі на акрэсьленыя гатункі птушак, то ўсё ж шкодзіць усім іншым гатункам. Гэта вельмі важна разумець. Паляўнік заходзіць у лес і сваімі стрэламі, знаходжаньнем, сабакамі адмоўна ўплывае на асяродзьдзе ўсіх птушак.
Эколягі аргумэнтуюць, што паляваньне зьяўляецца сур’ёзным стрымліваючым фактарам для росту колькасьці вадаплаваючых птушак у Беларусі. Акрамя гэтага, у лісьце да беларускага прэзыдэнта эколягі зьвяртаюць увагу на этычны характар праблемы.
Кажа сустаршыня Міжнароднага сацыял-экалягічнага саюзу Валеры Брыніх, які падпісаўся пад лістом да Аляксандра Лукашэнкі.
В. Брыніх: Калі веснавое паляваньне арганізуецца па правілах, то значных шкодаў для прыроды не прыносіць. Але тут ёсьць этычны момант. Веснавое паляваньне праходзіць у пэрыяд размнажэньня. Зазвычай гэта паляваньне на птушак, якія толькі вярнуліся з выраю й шукаюць месца для гнездаваньня. Этычная матывацыя адыгрывае значную ролю ў пратэстах супраць веснавога паляваньня. Паляваньне, якое адбываецца цяпер, яно вядзецца не па правілаx і прыносіць вялікія шкоды, адстрэльваюцца ня толькі самцы, але й самкі. Гэтую пазыцыю разьдзяляюць каталіцкая й праваслаўная цэрквы, ня кажучы пра экалягічныя арганізацыі.
Другая праблема зьвязана з шэрым гусём. У Беларусі ёсьць усяго 200-250 параў шэрага гуся. Выключэньне гэтага вельмі рэдкага гатунку з Чырвонай кнігі стала непаразуменьнем, а дазвол паляваньня на шэрага гуся можа прывесьці да поўнага зьнікненьня гатунку.
Як кажа Валеры Брыніх, ягоная арганізацыя атрымала неафіцыйную інфармацыю, што гэта па загаду Аляксандра Лукашэнкі шэры гусь быў выключаны з Чырвонай кнігі.
В. Брыніх: Па неафіцыйнай інфармацыі, нам вядома, што гэта было зроблена па просьбе высокапастаўленага чыноўніка. Мы думаем, што Аляксандру Рыгоравічу далі памылковую інфармацыю на конт папуляцыі шэрага гуся ў Беларусі й бясьпечнасьці адкрыцьця на яго паляваньня.
Пад зваротам падпісаліся сустаршыня Міжнароднага сацыял-экалягічнага саюзу Валеры Брыніх, дырэктар Цэнтру аховы дзікай прыроды ў Маскве Аляксей Зіменка й дырэктар Кіеўскага экалягічна-культурніцкага цэнтру Ўладзімер Барэйка.