viasna on patreon

Вярхоўны суд прызнаў папярэджаньне, вынесенае Партыі БНФ Міністэрствам юстыцыі, правамоцным

2005 2005-04-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 красавіка было вынесенае канчатковае рашэньне Вярхоўнага Суда па скарзе Партыі БНФ на пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем зьліквідаваць арганізацыйныя структуры партыі.
Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі Беларусі абвінавачвала Партыю БНФ у разьмяшчэньні больш як 80 арганізацыйных структураў партыі ў жылых кватэрах, што, на думку Мін’юсту, ёсьць парушэньне арт. 8 Жыльлёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Згодна з гэтым артыкулам, жыльлёвыя памяшканьні павінны скарыстоўвацца толькі для пражываньня грамадзянаў.
Як паведаміў кіраўнік арганіцыйна-праўнай камісіі партыі сп. Уладзімер Лабковіч, які прадстаўляў у судзе інтарэсы Партыі БНФ, Вярхоўны Суд не задаволіў скаргу партыі й вынес у адрас Мін’юсту "прыватнае вызначэньне аб парушэньні дзеючага заканадаўства пры рэгістрацыі арганізацыйных структураў Партыі БНФ".
Такім чынам, каля 80 арганізацыйных структураў Партыі БНФ па ўсёй краіне мусяць быць зачыненыя, юрыстам удалося адстаяць рэгістрацыю толькі шэрагу структураў у Берасьцейскай і Гомельскай абласьцёх.
Трэба адзначыць, што ўчора Мін’юст замяніў свайго прадстаўніка ў судзе на сп. Зінкевіча ў сувязі з тым, што мінулы прадстаўнік сп-ня Калячка "захварэла на сэрца".
Паводле сп.Лабковіча, "гэтае рашэньне безумоўна з'яўляецца працягам палітычнага працэсу па зьнішчэньню арганізацыйных структураў партыяў. Такія ж самыя рашэньні былі вынесеныя ў дачыненьні да нашых калегаў з Партыі камуністаў Беларускай і Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Мы й зараз лічым, што патрабаваньне размяшчаць арганізацыйныя структуры палітычных партыяў у нежылых памяшканьнях беспадстаўнае й неабгрунтаванае".
Сп.Лабковіч таксама паведаміў, што сёньня распачаўся аналягічны судовы працэс па грамадзянскім аб'яднаньні "БНФ Адраджэньне", "вынік якога, відавочна, будзе цалкам супадаць з папярэднімі рашэньнямі Вярхоўнага Суда".
Прэс-група Партыі БНФ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства