Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) патрабуе спыніць шчыльны кантроль над беларускімі медыямі
"EFJ рашуча падтрымлівае смелую барацьбу за свабоду выказвання і змаганне за незалежную журналістыку, якое вядуць нашыя калегі з недзяржаўных медыяў і Беларускай асацыяцыі журналістаў". Пра гэта гаворыцца ў адмысловай дэкларацыі па сітуацыі з мас-медыя ў Беларусі, прынятай ўдзельнікамі штогадовага паседжання Еўрапейскай федэрацыі журналістаў 4-га красавіка ў Більбао (Іспанія). Тэкст дэкларацыі быў падрыхтаваны і вынесены на разгляд удзельнікаў паседжання Нарвежскім Саюзам журналістаў.
"Удзельнікі штогадовай сустрэчы Еўрапейскай Федэрацыі журналістаў выказваюць вялікую занепакоенасць сур'ёзным пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі напрацягу апошніх некалькіх гадоў і асабліва пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндума 2004 г...", - гаворыцца ў дэкларацыі. Аўтары дакумента нагадваюць пра імклівае закрыццё шэрагу незалежных выданняў, а таксама пра шматлікія прыпыненні і папярэджанні, вынесеныя Міністэрствам інфармацыі, -- паведамляе прэс-служба БАЖ. Апісваючы агульную сітуацыю з мас-медыя ў нашай краіне, яны адзначаюць дамінаванне падкантрольных дзяржаве СМІ на медыя-рынку; крымінальны пераслед журналістаў па абвінавачанні ў знявазе кіраўніка дзяржавы; заканадаўства аб СМІ, якое дае шырокія кантрольныя паўнамоцтвы ўладным структурам і пасля прыняцця паправак абяцае стаць яшчэ больш рэпрэсіўным, і г.д.
"Журналісцкія аб'яднанні, якія прысутнічалі на штогадовай сустрэчы EFJ, патрабуюць ад рэжыму А. Лукашэнкі спыніць шчыльны кантроль над медыя-сферай. Беларускаму народу тэрмінова патрэбныя рэформы ў заканадаўстве аб СМІ, якое адпавядала б агульнаеўрапейскім стандартам свабоды медыяў, паважала б незалежную журналістыку і абараняла б свабоду выказвання ў беларускім грамадстве", - гаворыцца ў дэкларацыі.