7-га красавiка суддзя суда Цэнтральнага раёна Менску Аляксей Бычко аштрафаваў актывіста апазіцыі Мiколу Статкевiча на 150 базавых велiчыняў – 3 мiльёны 800 тысяч беларускiх рублёў.
Пра гэта паведаміў сайт pahonia.promedia.by. М. Статкевіча прызналi вiнаватым у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мiтынгу iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, што адбыўся першага сакавiка. Следам за першым судом адбыўся другi: Мiколу Статкевiча аштрафавалi на 5 базавых велiчыняў за знявагу суддзi. “Якiя суддзi, такi i гонар”, – канстатаваў Мiкола Статкевiч.
6-га красавiка Мiкола Статкевiч атрымаў позву з Цэнтральнага РУУС Менску з’явiцца наступным днём у райаддзел у якасцi абвiнавачваемага ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мiтынгу прадпрымальнiкаў 1 сакавiка ў Менску. “У Цэнтральным РУУС на мяне склалi пратакол аб выступленнi на несанкцыянаваным мiтынгу прадпрымальнiкаў, – гэта значыць, актыўны ўдзел – частка 2 артыкула 167 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (паўторны ўдзел на працягу года ў несанкцыянаваных акцыях, бо ў кастрычнiку 2004 года я адседзеў адмiнiстрацыйны арышт за акцыi пратэсту 18-19 кастрычнiка). Увогуле, мяне здзiвiла тое, чаму праз столькi часу згадалi пра гэты мiтынг, чаму з паўтара дзесятка выступоўцаў вырашылi прыцягнуць да адмiнiстрацыйнай адказнасцi мяне, тым больш, што на мiтынгу выступаў i Андрэй Кабякоў (вiцэ-прэм’ер – Р.Б.). Дый мiлiцыя тады не папярэджвала, што мiтынг – несанкцыянаваны. Я напiсаў на справе, што лiчу яе палiтычна матываванай, звязанай з тым, што БСДП (НГ) i Еўрапейская каалiцыя збiраюцца вылучаць мяне кандыдатам у прэзiдэнты.
Мяне адвезлi ў суд. На жаль, суддзя Аляксей Бычко паводзiў сябе вельмi груба; патрабаваў, каб я ўстаў, даваў паказаннi стоячы. Я мусiў паводзiць сябе адэкватна сiтуацыi, i даваў паказаннi седзячы. Скончылася тым, што я атрымаў штраф 150 базавых велiчыняў – гэта прыкладна 3 мiльёны 800 тысяч рублёў”, – распавёў ПАГОНI Мiкола Статкевiч.