viasna on patreon

Прававая дэмагогія

2008 2008-05-08T13:23:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Што могуць "вашывыя блохі"?

Памятаеце анекдот з савецкага часу, калі звычайны грамадзянін цікавіўся, ці мае ён права? "Так, маеце!" - нават не даслухаўшы, адказваў чыноўнік. "А ці магу я?" - "Не, не можаце!" - таксама не доўга думаючы, паведамляла адказная асоба. Савецкі Саюз не існуе з 1991-га, але і сёння на Беларусі ад улады можна пачуць тое ж самае. Права мы маем, а вось што мы можам?

Нядаўна адзін з лідэраў прадпрымальнікаў, актывіст Руху "За свабоду" Аляксей Таўстыка даведаўся, што адпачываць у санаторыі за 20% кошту мае права кожны беларус, які сплачвае падаткі і робіць выплаты ў Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Для гэтага толькі трэба сабраць пэўныя дакументы. Як ні дзіўна, галоўным з іх з'яўляецца не папера аб стане здароўя заяўшчыка ці яго дзяцей, а даведка з падатковай інспекцыі пра заробак для вызначэння адсотку кампенсацыі.

Ну, даведка дык даведка. Ці праблема атрымаць яе добрасумленнаму падаткаплацельшчыку, якімі з'яўляюцца беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі? Падаткі яны сплочваюць немалыя, больш чым у суседніх Расіі ды Ўкраіне. Вядома ж і адпачываць маюць права не горш, чым іншыя работнікі. Але нашы прадпрымальнікі ў адзін голас кажуць, што даведку аб даходах яны атрымаць не могуць - у выдачы дакументу адмаўляюць чыноўнікі падатковых інспекцый.

Вось што расказала гарадзенская прадпрымальніца аб тым, як яна спрабавала здабыць паперку аб уласным заробку, якая спатрэбілася ёй для атрымання крэдыту на будоўлю кватэры. Паводле яе апавядання, падатковы інспектар заявіў, што падлічыць заробленыя грошы не магчыма, таму што ІП сплочвае фіксіраваны падатак, памер якога залежыць ад таго, які тавар рэалізуецца. Гандляры, напрыклад, вырабамі са скуры, выплочваюць значна больш, чым тыя, хто гандлюе шнуркамі. А колькі кожны з іх зарабляе, невядома, таму і даведкі не будзе.

"Дэмагогія ў чыстым выглядзе", - вырашыла гарадзенка. На рынку яна працуе 10 год, спраўна плаціла падаткі ды ў Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Прадпрымальніца пайшла па інстанцыях з заявамі, але патрэбную даведку не атрымала.

Узгадаем, што прэзідэнцкая Дырэктыва №2 дэкларуе вынішчэнне валакіты ў адносінах да зваротаў грамадзян, а таксама неадкладнае выдаванне дакументаў, якія датычацца асабіста заяўнікаў. Але на кожны афіцыйны акт, які гучна распаўсюджваецца пад соусам клопату дзяржавы аб падаткаплацельшчыках, выдаюцца ведамственныя падзаконныя акты. Яны “удасканальваюць” розныя дырэктывы ды ўказы. Такога кшталту афіцыйныя лісты лічацца дакументамі для ўнутранага карыстання, таму аб іх існаванні не ведаюць "шырокія народныя масы”. Адно што чыноўнікі на ўмовах ананімнасці зробяць для журналіста копію з патаемнай паперкі.

Напрыклад, з ліста Міністэрства па падатках і зборах ад 2003 года. У ім чорным па беламу напісана, што даведкі аб памеры заробкаў ІП выдаваць не рэкамендуецца ў сувязі з немагчымасцю падліку. Па іроніі лёсу, выдадзеная была гэтая скнарная папера ў той самы год, калі індывідуальных прадпрымальнікаў указам прэзідэнта абавязалі выплочваць грошы ў Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Маўляў, хочаце пенсіі ды льготы - плаціце. Пры гэтым складальнікам указу ўдалося дакладна падлічыць адсоткі неабходных выплатаў у ФСАН, зыходзячы з падліку сярэдняга заробку прадпрымальнікаў. Але даведка аб заробку - таямніцай вялікай ёсць, таму што яе выдача прывяла б да неабходнасці выдаваць крэдыты ды танныя пуцёўкі ў санаторыі "вашывым блохам", якіх надта не любіць прэзідэнт Беларусі. Вось і атрымліваецца як за тым савецкім часам - права на ільготы беларускія прадпрымальнікі маюць, толькі атрымаць іх не могуць.

Наталля Макушына

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства