Паўлу Севярынцу прад’яўленае абвінавачаньне ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак
Лідэра Маладога фронту Паўла Севярынца ўлады абвінавачваюць у арганізацыі дзеняьняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, якія адбыліся пасьля выбараў і рэфэрэндуму.
23 сакавіка Павал Севярынец у часе допыту атрымаў афіцыйнае абвінавачваньне ў крымінальнай справе. Ён даў сьледчым падпіску аб нявыязьдзе зь Віцебску, дзе ён прапісаны ў кватэры бацькоў.
Крымінальную справу распачаў сьледчы камітэт пасьля падзеяў 18 і 19 кастрычніка 2004 года. Тады на Кастрычніцкую плошчу выйшлі каля 5 000 чалавек на знак пратэста супраць фальсіфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў. 18 кастрычніка ўдзельнікі несанкцыянаванага мітынгу прайшлі шэсьцем да будынку КГБ.
У той дзень затрыманьняў не было. На наступны дзень, калі зьехалі міжнародныя назіральнікі, амонаўцы жорстка разагналі вулічную дэманстрацыю. Затрымалі каля сотні чалавек. Непаўнагадовых адпусьцілі, а каля паўсотні чалавек арыштавалі на розныя тэрміны. Усіх арыштаваных вазілі на допыты ў сьледчы камітэт і дапытвалі ў якасьці сьведкаў. Напярэдадні 25 сакавіка допыты аднавіліся.
22 сакавіка сьледчыя прад’явілі абвінавачваньне лідэру сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевічу, а 23 сакавіка -- лідэру Маладога фронту Паўлу Севярынцу.
Павал Севярынец не выключае, што ў выніку судовага разьбіральніцтва ён можа апынуцца за кратамі. Калі суд прыме рашэньне максымальна пакараць апазыцыянэра, ён можа апынуцца за кратамі тэрмінам на тры гады. (паводле Радыё Свабода)