Актывісты няўрадавых арганізацыяў Беларусі пачынаюць рэалізоўваць супольны плян дзеяньняў па прасоўваньні прапановаў па зьменах у заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях.
Пра гэта паведамляе партал Асамблеі НДА www. belngo.info
Круглы стол, на якім абмяркоўваўся гэты плян, адбыўся 19 сакавіка. Ён стаўся чарговым крокам беларускіх НДА ў межах кампаніі па абароне сваіх інтарэсаў — “Наша Салідарнасьць”.
Нагадаем, што 10 сьнежня мінулага году ў межах кампаніі “Наша Салідарнасьць”, якую Асамблея НДА распачала ў 2003 г., у шырокім коле беларускіх арганізацыяў распачалося абмеркаваньне прапановаў па зьменах у заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях. На круглым стале 19 сакавіка былі падведзеныя вынікі ў справе выпрацоўкі патрабаваньняў грамадзкіх актывістаў да заканадаўства і заканадаўцаў.
У галіне ўнясеньня зьменаў у заканадаўства грамадзкія актывісты заручыліся дапамогай у дэмакратычных дэпутатаў мясцовых саветаў. Мяркуецца, што сёньня будуць накіраваныя першыя звароты да дзейсных дэпутатаў палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама будуць пададзеныя заявы на асабісты прыём да заканадаўцаў. Грамадзкія актывісты, абапіраючыся на аналіз беларускага заканадаўства, сьцьвярджаюць, што “існуючае нарматыўнае рэгуляваньне зьяўляецца перашкодай для рэалізацыі грамадзянамі права на свабоду асацыяцыяў у Беларусі, яно уступае ў канфлікт з міжнароднымі абавязальніцтвамі нашай краіны ў сфэры правоў чалавека”.
Прадстаўнікі грамадзкага сэктару называюць некалькі шляхоў, празь якія права на асацыяцыю ў Беларусі можа быць адноўленае. Сярод іх — прывядзеньне праваўжывальнай практыкі ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі дзеючага заканадаўства і выключэньне з заканадаўства палажэньняў, якія перашкаджаюць стварэньню і дзейнасьці аб’яднаньня грамадзянаў. З прыкладным тэкстам звароту да дэпутата палаты прадстаўнікоў вы зможаце пазнаёміцца, прачытаўшы далучаны файл.
Таксама актывісты грамадзкага сэктару вырашылі зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з прозьбай аб выкарыстаньні ўсёй паўнаты нададзеных яму паўнамоцтваў для аднаўленьня прававых гарантыяў рэалізацыі грамадзянамі Беларусі права на аб’яднаньне. Удзельнікі круглага стала прынялі зварот да міжнародных структураў з заклікам выказаць падтрымку патрабаваньням у справе лібэралізацыі прававога клімату для беларускіх НДА і давесьці іх да ведама ўраду нашай краіны.
Вынікі кампаніі па прасоўваньні зьменаў у заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях Беларусі будуць падведзеныя напачатку лета бягучага году, калі адбудзецца падсумаваньне вынікаў асабістых сустрэчаў з дэпутатамі палаты прадстаўнікоў, а таксама пісьмовых зваротаў да заканадаўцаў і Канстытуцыйнага суду.
Алёна Андрэева