Арыштаваны аўтар кнігі пра трагедыю Дражна
Суд Старых Дарогаў пакараў на 15 сутак арышту журналіста і выдаўца Віктара Хурсіка, аўтара кнігі “Кроў і попел Дражна” са сьведчаньнямі аб забойстве савецкімі партызанамі мірных жыхароў.
"Пасьля ўсталяваньня крыжа “ў памяць ахвяраў злачынстваў савецкіх партызанаў” у вёсцы Дражна Хурсіку тэлефанавалі на працу і дадому, а нядаўна даслалі позву ў суд. Ён параіўся зь юрыстамі і паехаў на суд у Старыя Дарогі.
Сёньня аб 11-й гадзіне ён мне паведаміў, што яго засудзілі на 15 сутак і надзелі наручнікі. Я нават пачуў бразгат дзьвярэй камэры”, – паведаміў "Свабодзе" менскі гісторык Яўген Анішчанка, які апошні размаўляў са спадаром Хурсікам па тэлефоне.
Раней па гэтай справе 15 сутак адседзеў дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык. Крыж быў дэмантаваны на загад мясцовых уладаў.
“19 красавіка ў вёсцы Дражна мы ўсталявалі крыж Эўфрасіньні Полацкай у памяць пра 25 беларусаў, закатаваных савецкім партызанскім аддзелам. Гэта былі мірныя жыхары, жанчыны, дзеці. Было спалена 37 хатаў. Ішоў 1943 год. Партызаны іх ня проста забілі, яны іх катавалі перад сьмерцю. Пахавалі іх на мясцовых могілках, вось побач зь імі ўсталявалі і крыж. Там быў надпіс пра трагедыю, які зьнік ужо празь дзень, а яшчэ праз два дні зруйнавалі і крыж”, – распавёў В.Сіўчык.
Паводле спадара Анішчанкі, цяпер вымушаны хавацца сьвятар Леанід Акаловіч, які асьвячаў гэты крыж.
“Гэтая спроба ўшанаваць памяць ахвяраў партызанаў ніяк ня ўпісваецца ў сучасныя ўяўленьні ўладаў аб гісторыі апошняй вайны, таму яны й вырашылі расправіцца і з крыжам, і з тымі, хто яго ставіў, і з аўтарам кнігі”, – зазначыў спадар Анішчанка.