viasna on patreon

Працягвае аказвацца ціск на Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў

2005 2005-03-04T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кіраўніцтва Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў рыхтуе скаргу ў пракуратуру, заяўляючы, што прадстаўнікі міністэрства юстыцыі з парушэньнем закону ўварваліся ў іх офіснае памяшканьне.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў зарэгістраваны ў Фаніпалі, дзе наймае офіснае памяшканьне ў канторы рамонтна-мэханічнага заводу.

Днямі гэтае памяшканьне наведалі чацьвёра супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі, паведаміў Радыё Свабода намесьнік дырэктара інстытута Аляксандар Сасноў: “Яны запалохалі сакратарку дырэктара, бо дырэктара не было, загадчыцу гаспадаркі таксама, і тыя адчынілі ім пакой без нас”.

Зь меркаваньняў бясьпекі прадстаўнікі заводу маюць права наведваць офіс НІСЭПД без наймальнікаў, аднак чыноўнікі мінюсту бязь іх маглі трапіць у офіс толькі зь міліцыяй, перакананы спадар Сасноў. Ён кажа, што інстытут рыхтуе скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні мінюсту.

Паводле Аляксандра Саснова, супрацоўнікі мінюсту пасьля наведваньня офісу інстытута склалі нейкі акт, які кіраўніцтву НІСЭПД не прад’явілі.

Кіраўнік упраўленьня палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі адмовіўся ад падрабязных камэнтароў сытуацыі з уварваньнем ў памяшканьне інстытуту: “Натуральна, што процізаконнага мы ніколі нічога не зрабілі б. Усё гэта хлусьня і паклёп. Калі яны лічаць, што нехта іх правы парушыў, няхай абскардзяць гэта ў судовым парадку”.

Ціск міністэрства юстыцыі на інстытут узмацніўся ў канцы мінулага году. На думку кіраўніцтва інстытуту, ён зьвязаны з вынікамі іх сацыялягічных апытаньняў, прысьвечаных мінулым выбарам і рэфэрэндуму, якія не спадабаліся ўладам. Арганізацыя нават атрымала афіцыйнае папярэджаньне мінюсту. Адначасова ў інстытута пачаліся праблемы зь сілавымі структурамі: у прыватнасьці, КДБ праводзіў ператрус у кватэры, якую наймае Аляксандар Сасноў.

Паводле дырэктара інстытута Алега Манаева, усе гэтыя дзеяньні каардынуюцца зьверху з мэтай закрыцьця НІСЭПД.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства