viasna on patreon

Мэдыкі патрабуюць вянуць донарам бясплатны праезд

2008 2008-05-08T13:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Бабруйскія й горацкія лекары шукаюць падтрымкі ў дэпутатаў мясцовых саветаў. Чаму яны клапоцяцца пра донараў, зь якімі ў рэгіёне праблемаў няма?

Галоўны лекар Бабруйскай занальнай станцыі пераліваньня крыві Людміла Ягорава спадзяецца, што дэпутаты сваім станоўчым рашэньнем прызнаюць заслугі донараў перад людзьмі й грамадзтвам:

– Гэта ўсё ж адзнака таго, што дзяржава думае пра гэтых людзей і з удзячнасьцю да іх ставіцца. Дарослыя людзі, як і дзеці: падзякаваў, ім ужо прыемна. Псыхаэмацыйны настрой будзе некалькі другога, ужо станоўчага парадку.

Паводле Людмілы Ягоравай, у Бабруйску няма гэткага заняпаду донарства, як напрыклад у Магілёве й іншых абласных цэнтрах. У чым прычына, мэдык не сказала.

Спадарыня Ягорава, сьцьвярджае, што ў іх чатыры тысячы актыўных донараў. Усяго ж на ўліку занальнай станцыі пераліваньня крыві васемнаццаць тысяч чалавек. Штогод бабруйчане здаюць чатыры тысячы восемсот літраў крыві.

Вярнуць донарам бясплатны праезд у гарадзкім транспарце намагаецца й адміністрацыя Горацкай раённай бальніцы. Па падтрымку зьвярнуліся ў мясцовы савет дэпутатаў:

– Асабіста я размаўляў са старшынёй савету. Ён сказаў, што 23 траўня будзе сэсія, і прымуць гэтае рашэньне. Праезд па горадзе ня танны. Сярод нашых донараў заможных людзей няма. Таму кожная капейчына ўсё такі нейкая дапамога, – зазначыў галоўны лекар аддзяленьня пераліваньня крыві Ўладзімер Балобін.

Паводле мэдыка, у Горках таксама няма праблемаў з донарствам. Актыўна здаюць кроў каля 200 чалавек. Больш за траціну сярод іх – студэнты сельгасакадэміі. Кроў здаюць таксама мэдработнікі, санітаркі ды дзясятак пэдагогаў. Усяго ганаровых донараў у раёне каля ста чалавек, менавіта яны прэтэндуюць на бясплатны праезд у гарадзкім транспарце.

Што вымушае мэдыкаў змагацца за донарскія льготы? Адказвае кіраўнік донарскай няўрадавай арганізацыі "Кропля жыцьця" Ігар Каваленка:

– Па-першае, яны самі донары. Па-другое, толькі мэдыкам вядома, чаго вартая праца донараў.

Дык чаму мэдыкам проста не казаць пра гэта? Працягвае спадар Каваленка:

– Яны баяцца за сваю працу, за сваю сям’ю й таму ухіляюцца ад шчырага адказу.

Ігар Каваленка, кажа, што калі б не ўдалося адстаяць бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце для донараў у Магілёве, наўрад ці бабруйскія й горацкія мэдыкі наважыліся б патрабаваць таго ж для сваіх донараў.

У Магілёве донары пачалі бараніць свае льготы яшчэ леташнім траўнем. У чэрвені група іх праводзіла тыднёвы папераджальны страйк.

Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.

Донараў усё ж пазбавілі дзьвюх важных кампэнсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзаваньня зубоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства