Незалежным прафсаюзам у 10 разоў падвысілі арэндную плату
З красавіка 2008 году ўступаюць у сілу зьмены ва Ўказ прэзыдэнта №495, згодна зь якімі стаўка арэнднай платы для грамадзкіх арганізацыяў падвышаецца ў 10 разоў.
У той жа час для структураў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі – афіцыйнага прафсаюзу – наймальнікі прадстаўляюць памяшканьні бясплатна.
Усім пярвічным арганізацыям Беларускага незалежнага прафсаюзу наймальнікі прапанавалі падпісаць дамовы арэнды на новых умовах.
Прававы інспэктар Незалежнага прафсаюзу гарнякоў “Беларуськалію” Аляксандар Каралёў кажа, што дамову яны падпісалі, каб не страціць памяшканьне. У той жа час Аляксандар Каралёў перакананы:
“Гэта наймацнейшы факт дыскрымінацыі прафсаюзаў, не ўваходзячых у структуру дзяржаўнага прафсаюзу – Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Усе структуры, якія ўваходзяць у ФПБ, наагул вызваленыя ад арэнднай платы, яны аплачваюць толькі камунальныя паслугі. А зараз яшчэ дадатковы дыскрымінуючы фактар узмоцнены – павялічаная арэндная плата”.
А вось кіраўніцтва незалежнага прафсаюзу “Гродна-Азот” дамову не падпісала, кажа старшыня “пярвічкі” Сяргей Антусевіч:
“Калі мы раней плацілі 30 эўра за памяшканьне, якое арандуем, то цяпер трэба плаціць 300, для нас гэта вялікія грошы. Цяпер мы чакаем адказу з Рэспубліканскай камісіі па ўпарадкаваньні выкарыстаньня адміністрацыйных будынкаў, якая, згодна з Указам мае права вырашаць пытаньне ўвядзеньня паніжаючых каэфіцыентаў для грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку прафсаюзаў”.
Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, куды ўваходзіць і Беларускі незалежны прафсаюз, лічыць, што патрабаваньне наймальнікаў незаконна. Тлумачэньне лідэра БКДП Аляксандра Ярашука:
“Ёсьць Генэральнае пагадненьне, якое падпісана паміж урадам, аб’яднаньнямі наймальнікаў і прафсаюзаў, і там чорным па беламу напісана, што наймальнікі павінны прадстаўляць у бясплатнае карыстаньне, без арэнднай платы, тыя ж самыя памяшканьні. І такім чынам, цяпер Указ прэзыдэнта супярэчыць Генэральнаму пагадненьню. Гэта ўсё тыя прававыя калізіі, якія даюць нам магчымасьць аспрэчваць, у тым ліку і ў судах, рашэньні, якія нам навязваюць”.
Сяброў незалежных прафсаюзаў абурае тое, што сродкі, якія маглі б пайсьці на дапамогу людзям, пойдуць цяпер у зусім іншую кішэню. Прававы інспэктар Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Аляксандар Каралёў кажа:
“І гэта мы вымушаныя плаціць з тых складак, якія працаўнікі пасьля абкладаньня падаткамі ўнесьлі ў касу прафсаюзаў. Фактычна дзяржава спакусілася на грошы людзей, якія павінны вяртаць маламаёмасным, самотным, удовам, на пахаваньні”.
Кіраўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюзу зьвярнулася ў Рэспубліканскую камісію па ўпарадкаваньні выкарыстаньня адміністрацыйных будынкаў, у Генэральную пракуратуру, Міністэртства працы з патрабаваньнем абараніць арганізацыі ад дыскрымінацыі.